Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэцкія ўлады: Выбух у Стамбуле ўчыніла сьмяротніца. Шэсьць чалавек загінулі, больш за 80 пацярпелі


Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган асудзіў нядзельны напад у цэнтры Стамбулу і заявіў, што ў выніку выбуху ў раёне плошчы Таксім шэсьць чалавек загінулі і дзясяткі атрымалі раненьні. Паводле апошніх зьвестак, пацярпеў 81 чалавек.

Выбух прагрымеў на папулярнай у турыстаў і мясцовых жыхароў пешаходнай вуліцы Істыкляль. Як паведаміў віцэ-прэзыдэнт Турэччыны Фуат Актай, выбух учыніла сьмяротніца.

«Нападніцай была жанчына, яна ўзарвала бомбу. Гэта сьведчыць пра тэрарыстычны акт. У выніку выбуху загінулі шэсьць чалавек. Колькасьць параненых павялічылася да 81, стан дваіх ацэньваецца як цяжкі», — сказаў ён.

Паводле Актая, чатыры чалавекі загінулі на месцы выбуху, яшчэ двое — пазьней у шпіталі. Расьсьледаваньнем тэракту займаюцца 14 сьледчых Генэральнай пракуратуры Турэччыны, а таксама судмэдэкспэрты.

Выбух адбыўся каля 16:20 паводле мясцовага часу. На месца здарэньня прыбылі аддзелы паліцыі, машыны хуткай дапамогі, пажарнай аховы і іншых надзвычайных службаў.

На відэазапісах у сацыяльных сетках бачна, як людзі разьбягаюцца па вуліцы Істыкляль, дзе знаходзіцца вялікая колькасьць рэстаранаў і крамаў.

Плошча Таксім і вуліца Істыкляль — адзін з найбольш папулярных і шматлюдных раёнаў Стамбула.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG