Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўтра ў ЗША пераабіраюць Палату прадстаўнікоў і траціну Сэнату


Капітолій, будынак Кангрэсу ЗША
Капітолій, будынак Кангрэсу ЗША

8 лістапада ў ЗША прамежкавыя выбары — амэрыканцы пераабіраюць увесь склад Палаты прадстаўнікоў і траціну складу Сэнату

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн выступіў на перадвыбарным мерапрыемстве ў падтрымку дэмакратаў за два дні да выбараў, падчас якіх рэспубліканцы могуць атрымаць кантроль над адной ці абедзьвюма палатамі Кангрэсу.

Байдэн папярэдзіў, што перамога рэспубліканцаў на прамежкавых выбарах 8 лістапада можа аслабіць дэмакратыю ў ЗША.

Джо Байдэн выступае на перадвыбарчым мітынгу, 3 лістапада 2022
Джо Байдэн выступае на перадвыбарчым мітынгу, 3 лістапада 2022

У гэты ж час на перадвыбарчым мітынгу ў падтрымку рэспубліканцаў выступіў экс-прэзыдэнт Дональд Трамп, які ў сваёй прамове намякнуў на тое, што ён можа зноў балятавацца на пасаду прэзыдэнта ЗША.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Дэмакратам, імаверна, давядзецца сутыкнуцца з даволі змрочнымі пэрспэктывамі на выбарах, нягледзячы на выкананыя Байдэнам абяцаньні стымуляваць разьвіцьцё чыстай энэргетыкі і забясьпечыць фінансаваньне аднаўленьня дарог і мастоў, адзначае «Голас Амэрыкі».

Рэспубліканская партыя крытыкуе Байдэна за высокую інфляцыю і рост злачыннасьці пасьля пандэміі COVID-19.

Незалежныя экспэрты прадказваюць, што рэспубліканцы атрымаюць большасьць у Палаце прадстаўнікоў і, магчыма, у Сэнаце.

Цяпер дэмакраты маюць большасьць і ў Палаце, і ў Сэнаце.

Дэмакраты фактычна страцілі лідзіруючыя пазыцыі ў перадвыбарнай гонцы за месцы ў Сэнаце ў штатах Джорджыя, Пэнсыльванія і Нэвада.

Калі рэспубліканцы атрымаюць кантроль хаця б над адной з палатаў Кангрэсу, то гэта дазволіць ім супрацьдзейнічаць заканадаўчым ініцыятывам Байдэна і пачаць патэнцыйна небясьпечныя для Дэмакратычнай партыі расьсьледаваньні.

Байдэн папярэдзіў, што многія кандыдаты-рэспубліканцы пагражаюць дэмакратычным нормам, паўтараючы ілжывыя сьцьвярджэньні Трампа аб скрадзеных выбарах у 2020 годзе. «Дэмакратыя літаральна вынесеная на галасаваньне», — сказаў ён, выступаючы перад студэнтамі Каледжа Сары Лоўрэнс у горадзе Ёнкерс, штат Нью-Ёрк. «Вы ня можаце любіць сваю краіну толькі тады, калі перамагаеце».

Дональд Трамп на перадвыбарчым мерапрыемстве, 6 лістапада 2022
Дональд Трамп на перадвыбарчым мерапрыемстве, 6 лістапада 2022

Экс-прэзыдэнт Трамп на мітынгу ў Маямі паўтарыў многія са сваіх скаргаў на выбары 2020 году і намякнуў, што неўзабаве можа абвясьціць пра свой намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах у 2024 годзе.

«Магчыма, мне зноў давядзецца гэта зрабіць, але сачыце за інфармацыяй», — сказаў ён, крытыкуючы адміністрацыю Байдэна за ўсё — ад росту злачыннасьці да брудных аэрапортаў.

Дарадца Трампа заявіў, што афіцыйная заява пра ўдзел Трампа ў выбарах прэзыдэнта ў 2024 годзе можа быць зробленая на працягу месяца.

Па выніках нядаўна праведзенага апытаньня Reuters/Ipsos, дзейнасьць Байдэна на пасадзе прэзыдэнта ўхваляе 40% амэрыканцаў. У сакавіку 2021 году яго дзейнасьць ухвалялі 59% апытаных грамадзянаў ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG