Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экаактывісты ў Пэру ўзялі ў закладнікі прынамсі 70 турыстаў


Разьліў нафты ў Пэру, 2022
Разьліў нафты ў Пэру, 2022

У Пэру прадстаўнікі карэннага насельніцтва захапілі ў закладнікі прынамсі 70 турыстаў — як пэруанцаў, так і іншаземцаў. Яны імкнуцца прыцягнуць увагу ўраду і грамадзкасьці да разьліваў нафты на рацэ Кунініка. Раней з прычыны забруджваньня ракі нафтай загінулі жанчына і двое дзяцей.

Апроч пэруанцаў, сярод турыстаў — грамадзяне Вялікай Брытаніі, ЗША, Гішпаніі, Францыі і Швайцарыі. Яны адправіліся ў круіз па пэруанскіх рэках, аднак мясцовыя жыхары перакрылі водныя зносіны. Людзі застаюцца на прагулачных катэрах; сваім блізкім яны расказалі праз тэлефон, што зь імі абыходзяцца добра.

Пратэстоўцы — жыхары раёну Ўрарынас у правінцыі Лярэта. Яны патрабуюць, каб улады спынілі забруджваньне мясцовых рэк нафтай. Апошні разьліў паліва тут здарыўся 16 верасьня, калі ў раку Кунініка трапіла каля 2500 тон сырой нафты з пашкоджанага нафтаправоду Norperuano. Нафтаправод быў пабудаваны больш за 40 гадоў таму; статыстыка толькі з 1996 па 2016 гады зафіксавала 37 выцекаў зь яго.

Лідэр мясцовай грамады Ўотсан Трухільё Акоста заявіў у інтэрвію радыёстанцыі RPP Noticias, што быў вымушаны пайсьці на такі радыкальны крок, каб дагрукацца да ўладаў. Ён таксама сказаў, што грамада ўжо 46 разоў зьвярталася да дзяржавы па вырашэньне праблемы разьліваў нафты, але ніякіх дзеяньняў у адказ не было прадпрынята. Пратэстоўцы маюць намер трымаць водныя зносіны закрытымі каля тыдня.

Сярод турыстаў, якія апынуліся ў закладніках на круізных катэрах, ёсьць пажылыя людзі, людзі з інваліднасьцю, як мінімум адна цяжарная жанчына і грудное дзіця. Адна з турыстак, Ангела Рамірэс, напісала ў фэйсбуку: «Чым хутчэй іх пачуюць, тым хутчэй нас адпусьцяць. Дапамажыце мне падзяліцца інфармацыяй пра тое, што мы ў парадку фізычна. Дапамажыце мне дапамагчы ім быць пачутымі».

Дыпляматычныя ведамствы краін, чые грамадзяне апынуліся ў закладніках, запатрабавалі ад пэруанскіх уладаў зрабіць захады дзеля разьвязаньня канфлікту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG