Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі 4 лістапада абнавіла «Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці» — сьпіс абнавіўся адразу на 244 прозьвішчы.
У ім беларусы і грамадзяне іншых дзяржаў, якіх перасьледуюць ці перасьледавалі па «палітычных» крымінальных артыкулах у Беларусі.
У прыватнасьці, у дапоўненым «сьпісе экстрэмістаў» апынуліся:
- фігуранты «справы Ціханоўскага» Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, журналіст Свабоды Ігар Лосік, Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў і Дзьмітры Папоў,
- журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч, які выйшаў паводле памілаваньня, аднак у сьпісе пазначана, што ён нібыта адбывае пакараньне,
- блогер, журналіст і футбаліст «Крумкачоў» Аляксандар Івулін,
- расейка Вера Цьвікевіч, чый фатаздымак быў на першай паласе беларускай «Камсамольскай праўды» ў жніўні 2020-га,
- экс-кіраўнік «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Віктар Фянчук,
- жонка палітзьняволенага Анатоля Латушкі — Алена Латушка,
- музыкі гурту «Irdorath» Надзея і Ўладзімер Калач,
- былая кіраўніца арганізацыі «Радзіслава» Вольга Гарбунова.
Агулам цяпер у сьпісе «экстрэмістаў» МУС ужо 1714 чалавек. У ім шмат людзей, якія былі асуджаныя паводле палітычных матываў, палітычных вязьняў, шмат асуджаных паводле дыфамацыйных артыкулаў, а таксама «народнага» арт. 342 Крымінальнага кодэксу.
Некаторыя новыя «экстрэмісты» ўжо альбо выйшлі на волю, альбо асуджаныя на «хімію».
Раней у гэты сьпіс уключылі яшчэ аднаго журналіста Свабоды, палітвязьня Андрэя Кузьнечыка.
Крымінальны перасьлед Лосіка і Кузьнечыка
На журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
14 сьнежня 2021 году Ігару прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня.
Жонку палітвязьня і журналіста Свабоды Ігара Лосіка Дар’ю затрымалі 18 кастрычніка, яе абвінавачваюць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» ў выглядзе размовы з тэлеканалам «Белсат» вясной 2022 году.
8 чэрвеня журналісту Свабоды Андрэю Кузьнечыку прысудзілі 6 год пазбаўленьня волі з адбываньнем у калёніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачаньні ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361–1 КК). Закрыты працэс правялі за некалькі гадзін, акалічнасьці справы невядомыя. Вярхоўны суд разгледзеў апэляцыю Кузьнечыка і пакінуў прысуд бязь зьменаў.
Варта адзначыць, што кантэнт Радыё Свабода ўлады прызналі «экстрэмісцкім», а само Радыё Свабода — «экстрэмісцкім фармаваньнем» ужо пасьля затрыманьня Андрэя. То бок журналіста асудзілі за кіраваньне тым, чаго на момант яго арышту не існавала.