Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сыстэму рэгуляваньня цэнаў у Беларусі не адменяць, але могуць мадэрнізаваць, заявіў прэм’ер Галоўчанка


У менскай краме. Архіўнае фота
У менскай краме. Архіўнае фота

Сыстэма рэгуляваньня цэнаў у Беларусі ня будзе адменена, заявіў прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка 4 лістапада падчас паездкі ў Горадзенскую вобласьць.

«Калі ў нейкім канкрэтным выпадку спатрэбіцца памяняць надбаўку, павялічыць, гэта адбудзецца, калі сапраўды дакажуць, што надбаўкі не хапае для таго, каб працаваць бяз стратаў па той ці іншай таварнай намэнклятуры. Сыстэма застанецца, але будзе мяняцца і мадэрнізавацца. Можа, нешта не ўлічылі да канца, проста ў вельмі сьціслыя тэрміны гэта прымалася», — сказаў прэм’ер-міністар ураду Беларусі, якога цытуе Bpn-info.online.

«Нельга сказаць, што ўсё адладжана і працуе», — прызнаў Галоўчанка.

Паводле яго слоў, у Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю (МАРГ) паступіла каля 6 тысяч пытаньняў пра сыстэму рэгуляваньня цэнаў.

«Мы ўжо бачым, што людзі прыкмячаюць пэўныя нюансы: або не зусім супадаюць палажэньні зь іншымі дзейнымі актамі, або патрэбна дадатковая паглыбленая трактоўка. Таму мы гэта зараз фармулюем. Калі спатрэбіцца, будуць унесены чарговыя зьмены з улікам практыкі прымяненьня гэтай пастановы. Мы ні ад кога не адмахваемся, усё абсарбуем», — запэўніў ён.

У канцы кастрычніка індывідуальныя прадпрымальнікі прыпынілі працу на некаторых рынках, бо пачала дзейнічаць пастанова аб замарозцы цэнаў. Пасьля кіраўнік МАРГ Аляксей Багданаў заявіў: праца ягонага ведамства прывяла да таго, што ўсе выйшлі на працу.

«Так, сапраўды. Мы зьбіралі інфармацыю з боку, і на некаторых рынках былі такія моманты, калі некаторыя субʼекты гаспадараньня — у цэлым, вядома, гэта індывідуальныя прадпрымальнікі — недзе праца прыпынялася», — сказаў ён у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1».

Барацьба Лукашэнкі з ростам цэн

6 кастрычніка Лукашэнка па выніках нарады пра цэнавую сытуацыю ў краіне падпісаў дырэктыву № 10 «Аб недапушчальнасьці росту цэнаў».

Свае дакумэнты прынялі ўрад, Камітэт дзяржкантролю, Генпракуратура. Тыя, хто павысіць цэны бяз санкцыі міністра антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю або старшыні аблвыканкаму (Менгарвыканкаму), будуць несьці адказнасьць аж да крымінальнай, заявіў Лукашэнка.

Пастановай ураду ад 19 кастрычніка № 713 «Аб сыстэме рэгуляваньня цэнаў» было ўведзена рэгуляваньне цэнаў на тавары ўсяго спажывецкага кошыка. Згодна з дакумэнтам, шляхам устанаўленьня гранічных надбавак цэны рэгулююцца на 370 таварных пазыцый.

27 кастрычніка з пастановы былі выключаныя некаторыя групы тавараў.
Паводле зьвестак Белстату, у верасьні ў параўнаньні з жніўнем гэтага году спажывецкія цэны вырасьлі на 0,9%, у параўнаньні зь сьнежнем 2021-га — на 14,8%. У гадавым выражэньні (лічачы ад верасьня мінулага году) інфляцыя склала 17,4 працэнта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG