Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІТ-прадпрымальніца Зарэцкая заявіла пра сыход з Аб’яднанага пераходнага кабінэту


Тацяна Зарэцкая 
Тацяна Зарэцкая 

Тацяна Зарэцкая была на пасадзе прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў фінансах і эканоміцы меней за 2 месяцы. Сьвятлана Ціханоўская адрэагавала на навіну.

28-гадовая беларуская IT-прадпрымальніца, заснавальніца кампаніі Laava Tech Тацяна Зарэцкая заявіла, што пакідае сваю пасаду прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў фінансах і эканоміцы ў сувязі зь ціскам на яе блізкіх, сяброў і калег.

«За апошнія некалькі тыдняў я сутыкнулася з вялізным ціскам: на мяне асабіста, на маіх сяброў, родных, на супрацоўнікаў маёй кампаніі, партнэраў і інвэстараў. Шквал ананімных паведамленьняў, лістоў, званкоў, прамыя пагрозы», — патлумачыла Тацяна Зарэцкая сваё рашэньне аб сыходзе з Кабінэту.

Паводле яе слоў, яна меркавала, што праца на новай пасадзе можа пацягнуць за сабой пэўныя наступствы. Але не магла прадугледзець, што яны закрануць яе блізкіх людзей, якія ня маюць дачыненьня ні да беларускай палітыкі, ні да Кабінэту.

«Я ўдзячная партнэрам, якія падтрымалі мяне і нават выдзелілі рэсурсы на барацьбу са зламысьнікамі. Нам ужо ўдалося вылічыць некалькіх людзей, якія закідвала пагрозамі маіх супрацоўнікаў: сёньня гэтай справай займаецца паліцыя, а вінаватыя адкажуць па законе», — адзначыла Зарэцкая.

Зарэцкая падкрэсьліла, што нягледзячы на свой сыход з пазыцыі прадстаўніка па эканоміцы і фінансах Аб’яднанага Пераходнага Кабінэта Беларусі яна працягне «займацца тым, што ўмее і дзе можа быць карыснай».

Рэакцыя Ціханоўскай

На навіну аб тым, што Тацяна Зарэцкая пакідае пасаду прадстаўніцы Кабінэта па фінансах і эканоміцы ў сувязі з ціскам, аказаным на яе асабіста, яе блізкіх і бізнэс-партнэраў адрэагавала Сьвятлана Ціханоўская.

Яе ТГ-канал напісаў, што кіраўніцтва і прадстаўнікі Кабінэту выказваюць Зарэцкай поўную падтрымку, салідарнасьць і разуменьне яе рашэньня, Кабінэт будзе надаваць усебаковую дапамогу ў расьсьледаваньні гэтай справы і прыцягненьні вінаватых да адказнасьці.

Сьвятлана Ціханоўская, кіраўніца Кабінэту, заявіла:

«Нашая праца ўжо два гады ажыцьцяўляецца пад пастаяннымі атакамі з боку рэжыму. Я дзякую Тацяне за тое, што яна вырашыла дапамагчы беларусам сваёй экспэртызай і вопытам. Я лічу вялікай стратай сыход Тацяны. Аднак, я хачу, каб тыя, хто аказваў на яе ціск, ведалі: мы працягнем нашую працу нягледзячы ні на што. Мы і не чакалі, што будзе лёгка. Але беларусам, якія штодзень жывуць пад пагрозай рэпрэсій, — яшчэ цяжэй».

  • Тацяна Зарэцкая нарадзілася ў Менску, скончыла гімназію імя Францішка Скарыны.
  • Вучылася на факультэце міжнародных адносін БДУ, скончыла Талінскі тэхнічны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Міжнароднае права».
  • У 2017 годзе яе каманда перамагла на конкурсе стартапаў. Кампанія Laava Tech распрацоўвае разумныя сыстэмы асьвятленьня для цяпліц. Тут стварылі альгарытмы кіраваньня лямпамі, якія дазваляюць у разы зьменшыць выдаткі на электрычнасьць.
  • Тацяна Зарэцкая заснавала кампанію Meliora, якая займаецца аналітыкай рэсурсаў, што ачышчаюць атмасфэру ад вуглякіслага газу або эквівалентных забруджвальнікаў.
  • У сакавіку 2020 году Тацяна Зарэцкая трапіла ў сьпіс Forbes 30 Under 30. Таксама яна ўваходзіць у сьпіс MIT Innovator 35U35 выданьня MIT Technology Review.
  • 9 верасьня 2022 году Сьвятлана Ціханоўская прызначыла яе прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў фінансах і эканоміцы.

Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі

На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:

  • Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
  • Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
  • Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
  • Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
  • І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.

У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:

  • Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
  • Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
  • Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
  • Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
  • Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
  • Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.

Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».

Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.

Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG