Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы змогуць і надалей вучыцца ў Польшчы. Выхад Менску з адукацыйнай дамовы з Варшавай гэтаму не перашкодзіць


Беларускія студэнты. Ілюстрацыйнае фота
Беларускія студэнты. Ілюстрацыйнае фота

Польскае Мінадукацыі заявіла, што ўсе беларускія грамадзяне, якія цяпер атрымліваюць адукацыю ў Польшчы, прадоўжаць навучаньне ў адпаведнасьці са сваёй праграмай.

З такой заявай ў інтэрвію BPN выступіла прэс-сакратарка польскага Міністэрства адукацыі і навукі Адрыяна Цалус-Поляк.

Такім чынам яна пракамэнтавала рашэньне Менску разарваць пагадненьне з Варшавай аб прызнаньні эквівалентнасьці вышэйшай адукацыі, раўназначнасьці вучоных ступеняў і ступеняў у галіне мастацтва.

«Для людзей зь Беларусі, якія хочуць у будучыні атрымаць адукацыю ў Польшчы, пасьля разрыву пагадненьня нічога ня зьменіцца. Нормы, якія дзейнічаюць у Польшчы, дазваляюць працягнуць атрымліваць адукацыю асобам, якія вучыліся за мяжой», — адзначыла яна.

У міністэрстве, сказала Цалус-Поляк, ня ведаюць, «як будзе рэалізоўвацца права [польскіх грамадзян] на працяг адукацыі ў Беларусі пасьля завяршэньня дзеяньня пагадненьня». Беларусь «ня ёсьць сябрам Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця», і пытаньні атрыманьня адукацыі замежнымі грамадзянамі рэгулююцца нацыянальным заканадаўствам.

«Паводле зьвестак Міністэрства адукацыі і навукі, у 2021/22 навучальным годзе ў Польшчы навучалася 11 тысяч студэнтаў зь Беларусі. Яны складалі 13% усіх замежных студэнтаў у Польшчы. Паводле зьвестак UNESCO, у 2021 годзе ў Беларусі навучалася 10 грамадзян Польшчы», — паведаміла яна.


Згаданая дамова была падпісана 28 красавіка 2005 году ў Варшаве.

Дакумэнт вызначаў, што атэстат аб сярэдняй адукацыі і дыплёмы аб прафэсійнай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі, выдадзеныя ў Беларусі, а таксама польскі атэстат сталасьці «зьяўляюцца асновай для паступленьня ў вышэйшыя навучальныя ўстановы» абедзьвюх краін.

25 кастрычніка Беларусь разарвала гэтае пагадненьне адпаведнай пастановай Савету міністраў.

Прадстаўніца дэмакратычнага лідэра Сьвятланы Ціханоўскай па пытаньнях адукацыі і навукі Тацяна Шчытцова ў камэнтары BPN заявіла, што рашэньне ўраду «сьведчыць аб руху Беларусі ў бок закрытага таталітарнага грамадзтва».

Паводле яе слоў, прызнаньне дакумэнтаў аб адукацыі — знак таго, што культуры і народы адкрытыя адзін аднаму, сьведчаньне адкрытасьці ў рамках Эўропы і ў адносінах з краінамі-суседзямі.

Экспэрт адзначыла, што, паколькі пагадненьне было ўзаемнае, пасьля рашэньня беларускага боку яно аўтаматычна перастае дзейнічаць і ў Польшчы. Гэта азначае, што дыплёмы, навуковыя ступені беларускіх грамадзян у Польшчы ня будуць прызнавацца, калі гэтая краіна ня прыме іншага рашэньня ў аднабаковым парадку. Разрыў пагадненьня можа закрануць найперш тых, хто цяпер на падставе беларускага дыплёма шукае працы ў Польшчы або плянуе працягваць адукацыю ў магістратуры ці дактарантуры.

«Калі б польскі ўрад палічыў магчымым у аднабаковым парадку захаваць прызнаньне беларускіх дакумэнтаў аб адукацыі, гэта стала б знакам разуменьня складанай сытуацыі беларусаў. Бо вельмі шмат беларусаў аказалася ў вымушанай эміграцыі, якая будзе працягвацца з прычыны нарастаньня рэпрэсій і мілітарызацыі на іх радзіме. Можна чакаць, што польскі бок выкажацца і зьявяцца распараджэньні наконт гэтага», — выказала надзею Шчытцова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG