Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША назвалі Расею «вострай» пагрозай у сваёй Стратэгіі нацыянальнай абароны


Лойд Остын, міністар абароны ЗША
Лойд Остын, міністар абароны ЗША

Кітай па-ранейшаму становіць галоўны выклік інтарэсам нацыянальнай бясьпекі ЗША, у той час як Расея застаецца «вострай» пагрозай, працягваючы сваю жорсткую вайну ва Ўкраіне. Пра гэта гаворыцца ў абноўленай вэрсіі Стратэгіі нацыянальнай абароны ЗША.

«КНР — наш адзіны канкурэнт, які мае намер зьмяніць міжнародны парадак і мае ўсё большую сілу для гэтага», — заявіў журналістам у Пэнтагоне міністар абароны ЗША Лойд Остын. Яго цытуе «Голас Амэрыкі».

Высокапастаўлены прадстаўнік вайсковага ведамства, які гаварыў з журналістамі пра новую абаронную стратэгію на ўмовах ананімнасьці, заявіў, што Кітай працягвае нарошчваць «патэнцыял для сыстэматычнага выкліку ЗША па ўсіх напрамках: у вайсковым, эканамічным, тэхналягічным, дыпляматычным пляне».

Па словах Остына, «выклік Кітая» прывёў да ўзмацненьня абароннага патэнцыялу ва ўсіх сфэрах баявых дзеяньняў, асабліва ў космасе і кібэрпрасторы, каб даць зразумець любому патэнцыйнаму суперніку, што «кошт агрэсіі супраць ЗША або нашых саюзьнікаў і партнэраў нашмат пераважае ўсе мажлівыя выгады».

Несакрэтны даклад аб зьмесьце стратэгіі зьявіўся ў той момант, калі Кітай і Расея ўзмацнілі агрэсію супраць сваіх суседзяў.

Сакрэтная вэрсія дакладу была прадстаўлена Кангрэсу раней у гэтым годзе.

Іншы высокапастаўлены прадстаўнік вайсковага ведамства, які таксама гутарыў з журналістамі на ўмовах ананімнасьці, заявіў, што ядзерная зброя будзе і надалей заставацца для ЗША «асновай» ваеннага стрымліваньня.

Па словах гэтага чыноўніка, новая абаронная стратэгія адлюстроўвае той факт, што цяпер у ЗША ёсьць два галоўныя канкурэнты, якія валодаюць ядзернай зброяй, — Расея і Кітай.

Па словах Остына, расейская агрэсія супраць Украіны становіць «непасрэдную і вострую пагрозу», што прымушае ЗША павялічыць вайсковую прысутнасьць у Эўропе з 80 тысяч да больш як 100 тысяч чалавек.

Але, у адрозьненьне ад Кітая, «Расея ня можа кінуць сыстэматычны выклік ЗША ў доўгатэрміновай пэрспэктыве», заявіў Остын журналістам.

Высокапастаўлены супрацоўнік Пэнтагона дадаў, што «Расея цалкам стрымана і не нападзе на NATO», ба ЗША дакладна далі зразумець, што будуць абараняць кожны сантымэтар тэрыторыі альянсу.

Аднак чыноўнік выказаў апасеньні, што няўдачы Расеі на полі бою ва Ўкраіне могуць прывесьці да таго, што ў будучыні яна будзе больш спадзявацца на свае ядзерныя сілы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG