Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІП у Баранавічах і Горадні закрылі гандлёвыя пункты праз палітыку цэнаўтварэньня; падобныя зьвесткі ёсьць і зь іншых гарадоў

абноўлена

Закрытыя гандлёвыя рады ў Баранавічах. 27 кастрычніка 2022
Закрытыя гандлёвыя рады ў Баранавічах. 27 кастрычніка 2022

Намаганьні ўладаў кантраляваць усе цэны і арышты прадстаўнікоў бізнэсу прывялі да таго, што ў Баранавічах і Горадні пачалі зачыняцца гандлёвыя павільёны.

На горадзенскім рынку «Карона» сёньня закрыліся многія гандлёвыя боксы.

З абвестак на павільёнах вынікае, што яны закрыліся «па тэхнічных прычынах». Як стала вядома Свабодзе, такім чынам іпэшнікі выступаюць супраць падвышэньня цэнаў на арэнду.

Рынак «Карона», Горадня, архіўнае фота
Рынак «Карона», Горадня, архіўнае фота

У Баранавічах 27 кастрычніка па ўсім горадзе закрыліся гандлёвыя павільёны прадстаўнікоў прадпрымальніцтва. Пра гэта паведаміла ў сваім тэлеграм-канале дзяржаўная раённая газэта «Наш край» і незалежнае мясцовае выданьне «Інтэкс-прэс».

Паводле выданьняў, прадпрымальнікі абвясьцілі, што ставяць сваю дзейнасьць на паўзу да таго часу, пакуль не атрымаюць дакладнага тлумачэньня, як далей прымяняць мэханізм цэнаўтварэньня.

Так, на рынку «Універсальны» з раніцы былі зачыненыя ўсе ралеты, піша «Інтэкс-прэс». Прадпрымальнікі тапталіся побач са сваімі павільёнамі, але ніхто іх не адчыняў.

«Не будзем гандляваць да выходных дакладна, — растлумачыла адна жанчына-прадпрымальнік. — А сэнс зараз працаваць, толькі сабе на страту! Пры такім цэнаўтварэньні заплаціш падаткі, арэнду, зарплата прадаўцу, за месца на рынку і ўсё — сыдзеш у мінус».

Іншы прадпрымальнік тлумачыць, што ўведзеныя абмежаваньні на надбаўку не вышэй за 30%, робіць іх бізнэс невыгадным.

«Заплаці 10% на падаткі, 10% на арэнду, і нічога сабе не застаецца. — З дапушчальнымі надбаўкамі гэтымі таксама незразумела. На дзіцячы абутак ён 30%, на дарослы 50%, а закуп на абутак аднолькавы, вось і атрымліваецца, што будзем працаваць сабе на страту».

Паводле выданьня, прадпрымальнікі абмяркоўвалі паміж сабой чуткі, што ў Горадні і Менску рынкі не працуюць ужо з 25 кастрычніка.

«Замучылі цяпер праверкамі! — распавёў адзін прадпрымальнік. — Патрабуюць дакумэнты на тавар ледзь ні з дня адкрыцьця майго бізнэсу, а дзе іх зараз узяць, я ж не захоўваю іх дзесяцігодзьдзямі».

Тэлеграм-канал «Посмотри, брехня?»​ гаворыць пра тое, што страйкі ІП пачынаюцца ў Магілёве і Лідзе. Зыходзячы з сабраных дадзеных атрымліваецца, што сёньня ў знак пратэсту супраць рэгуляваньня цэнаў не адкрылі свае крамы прадпрымальнікі мінімум у 13 гарадах краіны: Менску, Гомлі, Віцебску, Берасьці, Магілёве, Горадні, Лідзе, Баранавічах, Маладэчне, Кобрыні, Койданаве, Смургонях і Пінску, піша блогер Антон Матолька.

Праз час тэлеграм-канал motolko_help з спасылкай на свае крыніцы паведаміў, што пасьля пачатку забастоўкі ў адным з ГЦ Гомля, адбыўся сход, на які прыйшоў прадстаўнік раёна і прыгразіў штрафамі тым індывідуальным прадпрымальнікам, якія не адкрыліся.

«Сказаў, што ўказу аб праверцы яшчэ не было. Хто сёньня не працаваў – трапіць пад адміністрацыйны штраф. Калі толькі не было ўважлівай прычыны і не апавясьцілі за 5 дзён пра тое, што сёньня працаваць не будзеце», – паведамілі крыніцы выданьню.

Прадстаўніку адміністрацыі таксама задалі пытаньне: «Ці можна ўключаць у нацэнку транспартныя выдаткі?». Адказ быў станоўчы, аднак, як даказваць гэтыя выдаткі – ніхто не растлумачыў.

«Іпэшнікі не ведаюць як працаваць зь цяперашнімі пастановамі, і невядома, ці будуць многія працаваць увогуле. Сядзім і чакаем. Прадпрымальнікі, іх сем'і і работнікі на грані беспрацоўя. Гэта сотні тысяч чалавек ва ўмовах ахавай эканомікі і коштаў кратных двум і больш у параўнаньні зь лютым», – паведамілі суразмоўцы motolko_help.

Пасьля пагроз штрафамі, большая частка ІП у Гомлі адкрыла крамы.

Падчас нарады з эканамічным блёкам ураду 6 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка забараніў падымаць цэны. У той жа дзень урад прыняў пастанову пра забарону росту цэнаў, а 7 кастрычніка яе апублікавалі на Нацыянальным праўным партале. У пастанове «Аб часовых захадах для стабілізацыі цэнаў» урад абавязаў юрыдычных асоб усіх формаў уласнасьці ды індывідуальных прадпрымальнікаў «зафіксаваць цэны і тарыфы, не вышэйшыя за тыя, што ўжываліся на 5 кастрычніка 2022 году».

Пасьля забароны на рост цэнаў Дзяржкантроль анансаваў маштабныя рэйды па крамах і «цьвёрдую рэакцыю» аж да крымінальных спраў. Да рэйдаў далучыліся ня толькі прадстаўнікі КДК, але таксама прафсаюзы і дэпутаты.

Пасьля гэтага крымінальныя справы за павышэньне цэнаў завялі супраць дзясяткаў чалавек. У Баранавічах пад крымінальную справу трапіў намесьнік дырэктара гандлёвага аб’екта, які падвысіў на 13% цану на адзін з харчовых тавараў. Арышты і затрыманьні пракаціліся па іншых гарадах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG