Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве заявілі, што Ўкраіне не патрэбен дазвол Беларусі для місіі вайсковых назіральнікаў на беларуска-ўкраінскай мяжы


Украінскія вайскоўцы ля дзяржаўнай мяжы
Украінскія вайскоўцы ля дзяржаўнай мяжы

Улады Ўкраіны перакананыя, што разьмяшчэньня місіі вайсковых назіральнікаў на мяжы зь Беларусьсю можна выканаць вельмі хутка.

Прадстаўнік прэзыдэнта Ўкраіны ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны Фёдар Веніслаўскі заявіў, што для разьмяшчэньня місіі вайсковых назіральнікаў парлямэнт мусіць ухваліць адпаведны закон.

«Для разьмяшчэньня на тэрыторыі Ўкраіны вайсковых назіральнікаў, міратворцаў зь любой краіны сьвету нам не патрэбна згода ні Рэспублікі Беларусь, ні Расейскай Фэдэрацыі, бо гэта наша тэрыторыя і на сваёй тэрыторыі Ўкраіна мае права разьмяшчаць у тым ліку і прадстаўнікоў іншаземных вайсковых фармаваньняў», — сказаў Фёдар Веніслаўскі на брыфінгу ў Кіеве 25 кастрычніка.

Паводле яго, згодна з Канстытуцыяй Вярхоўная Рада Ўкраіны мусіць ухваліць адпаведны закон.

«Калі будзе такая неабходнасьць для разьмяшчэньня такога міратворчага кантынгенту, я перакананы, што прэзыдэнт Украіны ініцыюе такі законапраект, а Вярхоўная Рада хутка яго ўхваліць. І ніякіх праблем, каб мы маніторылі правакацыі з боку Расеі і Беларусі, няма», — падкрэсьліў дэпутат украінскага парлямэнту.

Фёдар Веніслаўскі заявіў, што пры неабходнасьці гэтае рашэньне будзе ўхвалена вельмі хутка.

«Усё залежыць ад таго, як будуць дасягнутыя дамоўленасьці з тымі, хто ў гэтую маніторынгавую місію ўвойдзе. Працэс ідзе. Я мяркую, што для таго, каб мы ўхвалілі рашэньне і яго рэалізавалі, не патрэбна шмат часу. Гэта ня месяцы. Гэта тыдні», — падкрэсьліў Прадстаўнік прэзыдэнта Ўкраіны ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны Фёдар Веніслаўскі.

Дыскусія аб міжнародных назіральніках

Прапанову разьмясьціць на мяжы міжнародных назіральнікаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі выказаў 12 кастрычніка, выступаючы перад лідэрамі краін G7. На яго думку, гэта дапаможа зьняць правакацыі і домыслы пра пагрозу Беларусі з боку Ўкраіны.

На прапанову Зяленскага апэратыўна адказаў дзяржаўны сакратар Рады Бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч. Ён заявіў, што Беларусь у гэтым разьмяшчэньні ўдзельнічаць ня будзе, бо ёй гэта «ня трэба».

Пазьней міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімір Макей заявіў, што знаходжаньне на ўкраінска-беларускай мяжы назіральнікаў з заходніх краін улады ў Беларусі будуць лічыць уцягваньнем Захаду ў вайну.

Улады Беларусі надалі сваю тэрыторыю Расеі для нападу на Ўкраіну ў лютым 2022 году, танкавыя калёны і самалёты тады перасяклі беларуска-ўкраінскую мяжу. Восеньню 2022 году расейскія войскі зноў прыбылі ў Беларусь нібыта ў рамках рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG