Выступаючы па відэасувязі на нарадзе Савету бясьпекі Расеі, Пуцін заявіў, што на гэтых тэрыторыях рэжым ваеннага становішча дзейнічаў яшчэ да іх анэксіі Расеяй.
«Цяпер неабходна аформіць гэты рэжым ужо ў рамках расейскага заканадаўства», — сказаў прэзыдэнт Расеі.
Указ ужо адпраўлены на зацьвярджэньне ў Савет Фэдэрацыі.
Згодна з указам, апублікаваным на сайце Крамля, ваеннае становішча набудзе моц з заўтрашняга дня, 20 кастрычніка. У анэксаваных рэгіёнах будзе створана «тэрытарыяльная абарона», яшчэ ў васьмі рэгіёнах, уключаючы анэксаваныя Крым і Севастопаль, уводзіцца «сярэдні ўзровень рэагаваньня», у Цэнтральнай і Паўднёвай фэдэральных акругах — «узровень павышанай гатоўнасьці», а ў астатніх расейскіх суб’ектах — «узровень базавай гатоўнасьці». «Пры неабходнасьці ў Расейскай Фэдэрацыі ў пэрыяд дзеяньня ваеннага становішча могуць прымяняцца іншыя меры, прадугледжаныя канстытуцыйным законам „Аб ваенным становішчы“ 2002 году», — зазначаецца ва ўказе.
Украінскі юрыст Андрэй Магера, які спэцыялізуецца на канстытуцыйным праве, мяркуе, што ўвядзеньне Ўладзімірам Пуціным ваеннага становішча на акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторыях абумоўлена жаданьнем вывезьці адтуль мясцовых жыхароў.
Да такой высновы ён прыйшоў, прааналізаваўшы расейскі закон «Аб ваенным становішчы».
«На маю думку, ваеннае становішча значна аблегчыць акупанту тое, каб сілай дэпартаваць украінскае насельніцтва са сваіх дамоў. У часе ваеннага становішча канстытуцыйнае права грамадзяніна на свабоду перамяшчэньня і вольны выбар месца пражываньня фактычна нівэлюецца», — мяркуе Андрэй Магера.
Пуцін таксама абвясьціў, што кіраўнікі расейскіх рэгіёнаў будуць надзеленыя дадатковымі паўнамоцтвамі дзеля забесьпячэньня бясьпекі.
- 30 верасьня Ўладзімір Пуцін абвясьціў пра анэксію Херсонскай, Запароскай, Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны, большая частка якіх акупаваная расійскімі войскамі.
- Многія краіны сьвету ўжо заявілі, што не прызнаюць анэксіі. Украіна заявіла, што будзе збройным шляхам змагацца за вяртаньне гэтых тэрыторый пад свой кантроль.
- З пачатку восені Ўзброеныя сілы Ўкраіны пачалі актыўны контранаступ, у тым ліку і на херсонскім напрамку. За некалькі гадзін да сёньняшняга выступу Пуціна акупацыйныя ўлады абвясьцілі аб эвакуацыі людзей і чыноўнікаў з Херсону.