Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сабянін паведаміў аб завяршэньні мабілізацыі ў Маскве


Масква, провады мабілізаваных
Масква, провады мабілізаваных

Мэр Масквы Сяргей Сабянін заявіў аб завяршэньні ў расейскай сталіцы так званай частковай мабілізацыі на вайну ва Ўкраіне.

У паведамленьні, апублікаваным на сайце мэрыі, гаворыцца, што, паводле інфармацыі вайсковага камісара Масквы, усе задачы па мабілізацыі выкананыя. Пункты збору мабілізаваных закрываюцца ўжо сёньня а 14:00, а позвы, разасланыя раней, спыняюць сваё дзеяньне.

Колькі менавіта масквічоў мабілізавалі, Сабянін не ўдакладніў.

За апошнія некалькі дзён паведамлялася пра аблавы ў інтэрнатах Масквы, а таксама на станцыях мэтро, дзе супрацоўнікі паліцыі і камісарыятаў уручалі позвы. Пры гэтым вайсковы камісар Масквы сьцьвярджаў, што гэтага не адбываецца.

Падобная практыка выклікала незадаволенасьць уплывовага члена Савету Фэдэрацыі Андрэя Клішаса, які напісаў, што «дзеяньням службовых асоб, якія санкцыянавалі такія «аблавы», павінна быць дадзеная прававая ацэнка».

  • Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у пятніцу заяўляў, што мабілізацыя павінна завяршыцца на працягу наступных двух тыдняў. Шэраг рэгіёнаў заявілі пра яе завяршэньне яшчэ раней.
  • Мабілізацыя ў Расеі была абвешчаная 21 верасьня. Пуцін назваў яе «частковай», падкрэсьліўшы, што будуць прызывацца людзі, якія служылі ў войску і маюць баявы досьвед. Аднак фіксуюцца шматлікія выпадкі прызыву і адпраўкі на фронт без навучаньня людзей, якія ня маюць рэальнага ваеннага досьведу.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG