Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў інтэрвію амэрыканскаму тэлеканалу NBC заклікаў спыніць вайну, гаварыў пра «адэкватнага» Пуціна і свой візыт у Турэччыну


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін

Аляксандр Лукашэнка ў інтэрвію амэрыканскаму тэлеканалу NBC 14 кастрычніка заявіў, што яны з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным «абсалютна давяраюць адзін аднаму».

Змантаваную вэрсію размовы ўвечары 15 кастрычніка паказалі ў эфіры «Беларусь 1».

«Калі казаць пра нашыя асабістыя стасункі з прэзыдэнтам Пуціным, то яны не заўсёды былі бясхмарнымі, — сказаў ён. — Вы ведаеце, што мы спрачаліся і сварыліся часам. Але як самыя блізкія (вытрымаў паўзу) сябры і надзейныя партнэры».

На пытаньне пра цяперашні стан Пуціна ён адказаў: «Гэта не тое, што вы думаеце на Захадзе і ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Абсалютна адэкватны, здаровы, спартыўна падцягнуты чалавек, як вы гэта бачыце зьнешне. Абсалютна адэкватны чалавек».

Раней Лукашэнка казаў, што Беларусь удзельнічае ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», усяляк падтрымліваючы Расею, але «нікога не забіваючы». Разам з тым падчас інтэрвію NBC ён некалькі разоў настойліва заклікаў спыніць вайну.

Аляксандр Лукашэнка ў інтэрвію анансаваў візыт у Турэччыну найбліжэйшым часам.

«Мы ўчора сустракаліся з прэзыдэнтам Эрдаганам, дамовіліся, што ў бліжэйшы час мы на высокім узроўні правядзем перамовы, у тым ліку будзем закранаць пытаньне Украіны. Такі візыт будзе з майго боку ў Анкару», — сказаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, Эрдаган — прэзыдэнт «адной з ключавых краін NATO» — «не ў захапленьні ад таго, што адбываецца» ва Ўкраіне. Ён заявіў, што ў Турэччыне «пастаянна намякаюць, нават не намякаюць, а ўжо патрабуюць, што трэба садзіцца за стол перамоваў і дамаўляцца».

«Таму трэба было б перш за ўсё Злучаным Штатам Амэрыкі падключыцца да гэтага працэсу ў такім рэчышчы, а не накіроўваць ва Ўкраіну ўсё большую і большую колькасьць самых сучасных відаў зброі. Тым больш ход сытуацыі на фронце ніякія віды зброі, у тым ліку амэрыканскія, не зьменіць», — лічыць Лукашэнка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG