Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Херсоне расейскія вайскоўцы забілі дырыжора мясцовага тэатра. Ён адмовіўся супрацоўнічаць з акупацыйнымі ўладамі


Юры Керпаценка з аркестрам тэатру, фота з сацсетак музыкі
Юры Керпаценка з аркестрам тэатру, фота з сацсетак музыкі

Міністэрства культуры Ўкраіны пацьвердзіла інфармацыю аб гібелі галоўнага дырыжора Херсонскага музычна-драматычнага тэатра імя Куліша Юрыя Керпаценкі.

Ведамства сьцьвярджае, што дырыжора застрэлілі расейскія вайскоўцы ва ўласным доме пасьля таго, як ён «адмовіўся супрацоўнічаць з акупантамі».

Першай аб сьмерці дырыжора паведаміла журналістка Алена Ваніна ў фэйсбуку 13 кастрычніка.

«Сёньня стала вядома, што дырыжора Херсонскай філярмоніі расстралялі акупанты. Ён адмовіўся зь імі працаваць і яны сказалі, што „мы да цябе яшчэ прыйдзем“. Прыйшлі да яго дадому і проста там расстралялі, — распавяла журналістка. — Больш падрабязнасьцяў цяжка даведацца, таму што ў Херсоне ўсе баяцца, але інфармацыя 100%. Я ня ведаю, мне хацелася б, каб уся Ўкраіна пра гэта ведала. Гэта быў вельмі таленавіты дырыжор, а асабліва аранжыроўшчык».

Юры Керпаценка з 2000 года працаваў у Херсонскай абласной філярмоніі, а ў 2004 годзе стаў галоўным дырыжорам Херсонскага музычна-драматычнага тэатра імя Мікалая Куліша. Таксама ён быў галоўным дырыжорам камэрнага аркестра «Гілея». Ён адкрыта выяўляў сваю грамадзянскую пазыцыю і адмовіўся зьяжджаць з акупаванага Херсона. Калегі музыкі паведамлялі, што Керпаценка перастаў выходзіць на сувязь яшчэ ў верасьні.

Як паведамляе сайт Херсон.онлайн, да 1 кастрычніка, міжнароднага дня музыкі, прадстаўнікі акупацыйнай адміністрацыі плянавалі ў Херсоне сьвяточны канцэрт з удзелам камэрнага аркестра «Гілея». Аднак дырыжор аркестра Керпаценка катэгарычна адмовіўся супрацоўнічаць і прымаць у ім удзел.

Херсон быў захоплены расейскімі вайскоўцамі ў пачатку вайны і ўжо больш за сем месяцаў знаходзіцца ў акупацыі. У пачатку ліпеня паведамлялася, што расейскія вайскоўцы выкралі ў рэгіёне 457 чалавек. Сярод іх былі чыноўнікі, мэры і нават сьвятары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG