Па словах губэрнатара, прычынай выбуху стаў абстрэл з боку Ўкраіны. У Цёткіна і Папова-Ляжачы зафіксавана 15 патрапленьняў. Пацярпелых сярод мясцовых жыхароў няма. Старавойт таксама паведаміў, што ў чацьвер абстрэл зазнала сяло Гуева. У выніку ў мясцовым доме культуры выбіла шкло, пацярпелых няма.
З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў Курскай вобласьці дзейнічае жоўты рэжым тэрарыстычнай небясьпекі. Памежныя тэрыторыі рэгіёна неаднаразова абстрэльваліся.
У чацьвер увечары таксама паступіла інфармацыя пра выбухі ў іншым памежным з Украінай горадзе — Белгарадзе. Відавочцы ў сацсетках расказваюць, што пажар, праўдападобна, здарыўся побач з цукровым заводам. Перад пажарам жыхары чулі гукі, падобныя да гучных выбухаў.
Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў заявіў, што ЗСУ абстралялі склад з боепрыпасамі, тыя здэтанавалі. Па папярэдніх дадзеных, ахвяр няма.
Раней сёньня ў Белгарадзе быў пашкоджаны шматпавярховы жылы дом, у які трапілі абломкі ракеты або зьбіты лятальны апарат. У горадзе працавала сыстэма СПА.