Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Belarus Fashion Week скасавалі за дзень да адкрыцьця. Раней прапагандысты заклікалі «ўдарыць па модзе»


Дэманстрацыя маркі Honar на Belarus Fashion Week, Менск, 13 лістапада 2014 году
Дэманстрацыя маркі Honar на Belarus Fashion Week, Менск, 13 лістапада 2014 году

Афіцыйна — з «тэхнічных прычынаў». Пры гэтым, як заўважыла выданьне «Медыязона.Беларусь», раней прапагандысцкія выданьні абвінавацілі тых, хто мае дачыненьне да падзеі, ва ўдзеле ў пасьлявыбарчых пратэстах, і заклікалі «ўдарыць па модзе».

Арганізатары Belarus Fashion Week абвясьцілі аб скасаваньні штогадовай акцыі «з тэхнічных прычынаў». Такі допіс зьявіўся на іхнай старонцы «Ўкантакце».

«Мы прыклалі максымум намаганьняў, каб разьвязаць узьніклыя пытаньні, але, на жаль, не змаглі паўплываць на сытуацыю», — гаворыцца ў публікацыі.

Артыкул пра Belarus Fashion Week выйшаў у дзяржаўнай газэце «СБ. Беларусь сегодня» 5 кастрычніка, заўважыла «Медыязона.Беларусь». У ёй супрацоўнік выданьня Раман Рудзь выказаўся пра дызайнэраў, якія «пікетавалі на прыступках Дому мадэляў, выстройваліся ў ланцугі ўздоўж праспэкту, скандавалі лёзунгі, размахвалі плякацікамі і бчб-сьцягамі».

«Юнаму дызайнэру амаль няма куды падацца, акрамя як на подыюм гэтага шоў, якое ў адзін нешчасьлівы момант зноў можа перафарбавацца ў бел-чырвона-белыя колеры», — напісаў аўтар артыкулу.

У той жа дзень у праўладным тэлеграм-канале зьявілася паведамленьне з прапановай «ударыць па модзе». Аўтары тэксту пісалі, што «прадстаўнікі беларускай моды» Яніна Ганчарова, Іван Айплатаў, Лера Гофман і Ксенія Раманава ў 2020 годзе «выстройваліся каля Цэнтру моды на праспэкце Пераможцаў і гарлалі: „Мода за свабоду!“».

Belarus Fashion Week — міжнародная імпрэза для паказу дызайнэрскіх калекцыяў адзеньня. Праводзіцца з 2011 году, гэтым разам мела адбыцца ў кінастудыі «Беларусьфільм» з 7 па 9 кастрычніка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG