Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 4 кастрычніка: закрыты суд асудзіў супрацоўніка EPAM у «справе Зельцара» на 3,5 года калёніі

абноўлена

Сяргей Кірэенка
Сяргей Кірэенка

У Беларусі працягваецца перасьлед грамадзян, у тым ліку за камэнтары ў інтэрнэце. Зьявіўся яшчэ адзін прысуд у «справе Зельцара», якая разгарэлася год таму.

3,5 года калёніі за камэнтары ў «справе Зельцара»

У Гомельскім абласным судзе 3 кастрычніка асудзілі ў так званай «справе Зельцара» 38-гадовага палітзьняволенага супрацоўніка EPAM і калегу загінулага Сяргея Кірэенку. Мужчыну ў закрытым рэжыме судзілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 368 (абраза Лукашэнкі), піша «Вясна».

Судзьдзя Руслан Царук прызначыў палітвязьню 3,5 года калёніі агульнага рэжыму. Пад вартай Сяргея трымаюць ужо год.

Яго самога білі пасьля затрыманьня і пагражалі фізычнай расправай. У пастарунку зь яго выбілі ўсе паролі і прачыталі перапіскі, адкуль узялі матэрыял на крымінальную справу. У лістах на волю Кірэенка пісаў, што не прызнаў віны.

Пацьвердзілася інфармацыя пра затрыманьне экс-дэпутата

Колішні дэпутат Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 1995-1996 гг. Павал Знавец можа знаходзіцца на Акрэсьціна. Сілавікі запісалі зь ім відэа.

Знаўца падазраюць ва ўдзеле ў пратэставых акцыях 2020 году.

Павал Знавец — сябра БСДП «Грамада», былы дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, які паставіў свой подпіс пад імпічмэнтам Лукашэнку. Яго неаднаразова арыштоўвалі і білі падчас мітынгаў і дэманстрацый апазыцыі, больш як дзесяць разоў судзілі за ўдзел у акцыях пратэсту. Яму 55 гадоў.

«Пакаяннае» відэа затрыманага гульца зборнай Беларусі па хакеі на траве Белавусава залітае ў ягоны TikTok

Гулец зборнай Беларусі па хакеі на траве Ўладзіслаў Белавусаў быў затрыманы ГУБАЗіК, нагадвае «Трыбуна».

«Пакаяннае» відэа было заліта ў TikTok Белавусава з 2,1 мільёна падпісчыкаў. На камэру ён кажа, што адным са сваіх гумарыстычных ролікаў «пакрыўдзіў або абразіў супрацоўнікаў міліцыі».

Паводле інфармацыі «Трыбуны», Белавусаў да гэтага часу ня выпушчаны на волю.

Мінюст пазбаўляе ліцэнзій яшчэ некалькіх адвакатаў

4 кастрычніка Кваліфікацыйная камісія ў пытаньнях адвакацкай дзейнасьці правяла чарговую атэстацыю адвакатаў Гомельскай і Менскай абласной калегіяў, а таксама пазачарговую атэстацыю чатырох адвакатаў Гомельскай абласной калегіі, паведамляе reform.by

Па выніках атэстацыі камісія вырашыла, што Алена Грыбок, Сяргей Кішанёў і Зьміцер Міраненка ня могуць выконваць абавязкі адвакатаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі. Таксама было прынятае рашэньне аб няпоўнай адпаведнасьці Ігара Важдаева і Сяргея Краснова патрабаваньням заканадаўства з адтэрміноўкай атэстацыі на шэсьць месяцаў, паведамляе прэс-служба Мінюсту.

Камісія таксама вырашыла, што дзеяньне ліцэнзій у дачыненьні да Віктара Болатава, Вольгі Болатавай, Натальлі Малахавай, Юліі Мядзьведзевай можа быць спыненае за дзеяньні, несумяшчальныя са званьнем адваката. Дзеяньні ліцэнзій у дачыненьні да Генадзя Ўласенкі, Паўла Кулажанкі, Вікторыі Нячай, Ганны Паўлюк і Тацьцяны Саўчанкі спыненыя ў сувязі зь іх недастатковай кваліфікацыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG