Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уцечка з сыстэмы газаправодаў «Паўночны паток» спынілася праз тыдзень пасьля выбухаў


Настспувы выбуху на газаправодзе «Паўночны паток-2». 27 верасьня
Настспувы выбуху на газаправодзе «Паўночны паток-2». 27 верасьня

Уцечкі ў газаправодах «Паўночны паток — 1» і «Паўночны паток — 2» адбыліся ў ноч на 26 верасьня.

Уцечка газу з газаправодаў «Паўночны паток — 1» і «Паўночны паток — 2» у Балтыйскім моры спынілася, паведаміла Дацкае энэргетычнае агенцтва.

«Кампанія Nord Stream 2 AG праінфармавала Дацкае энэргетычнае агенцтва, што ў цяперашні час на газаправодзе дасягнуты стабільны ціск. Гэта сьведчыць аб тым, што пуск газу па гэтым трубаправодзе завершаны», — гаворыцца ў паведамленьні.

Паводле «Газпрому», у пашкоджаных газаправодах знаходзілася каля 800 млн кубамэтраў газу, што раўнацэнна спажываньню Даніі за тры месяцы.

Праграма ААН па навакольным асяродзьдзі заявіла, што пашкоджаньне сыстэмы газаправодаў прывяло, верагодна, да найбуйнейшага з калі-небудзь зарэгістраваных выкідаў мэтану. У ходзе аналізу спадарожнікавых здымкаў быў знойдзены вялізны шлейф высокаканцэнтраванага мэтану, які наносіць шкоду навакольнаму асяродзьдзю.

Дасьледнікі з канадзкай арганізацыі GHGSat, якая выкарыстоўвае спадарожнікі для маніторынгу выкідаў мэтану, ацанілі хуткасьць уцечкі ў адной з чатырох кропак разрыву ў 22 920 кіляграмаў у гадзіну. Гэта эквівалентна спальваньню каля 286 тон вугалю кожную гадзіну, гаворыцца ў заяве GHGSat.

Уцечкі ў газаправодах «Паўночны паток — 1» і «Паўночны паток — 2» адбыліся ў ноч на 26 верасьня каля дацкага вострава Барнхольм у Балтыйскім моры. Улады Эўразьвязу заявілі, што газаправод быў пашкоджаны наўмысна. Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў пашкоджаньне газаправодаў сьвядомым актам дывэрсіі. Раней расыйскі прэзыдэнт, выступаючы ў Крамлі з прамовай аб анэксіі ўкраінскіх тэрыторый, абвінаваціў «англасаксаў» у тым, што яны зьдзейсьнілі дывэрсію на газаправодах.

Прапампоўка газу па «Паўночным патоку — 1» была спыненая ў канцы жніўня, як сьцьвярджае расейскі бок, па тэхнічных прычынах. «Паўночны паток — 2» ня быў запушчаны ў эксплюатацыю — пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць яго былі ўведзены санкцыі. Меркаваная дывэрсія адбылася на фоне вайны ва Ўкраіне і рэзкага абвастрэньня адносін паміж Масквой і краінамі Захаду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG