Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нас пазбавілі дзяржавы, тады мы зробім сваю». Беларускія айцішнікі рыхтуюць запуск «Лічбавай Беларусі»


Павал Лібер (зьлева) і Яраслаў Ліхачэўскі
Павал Лібер (зьлева) і Яраслаў Ліхачэўскі

Ужо празь некалькі дзён пачнецца тэставаньне «Лічбавай Беларусі». Гэтая плятформа дапаможа беларусам разьвіваць бізнэс, культуру і ўзаемадапамогу, знаходзіць працу і карміць сям’ю, а ў будучыні можа замяніць многія дзяржаўныя інстытуты.

«Лічбавая Беларусь» будзе працаваць на ўзор шматфункцыйнай аплікацыі ў смартфоне ці інтэрнэт-сэрвісу. Празь яе можна будзе атрымліваць мэдычныя паслугі, юрыдычную кансультацыю, адукоўвацца, рабіць грашовыя выплаты, шукаць і прапаноўваць працу, замаўляць паслугі. Сьцісла кажучы, плятформа дасьць доступ да паслугаў, якія аказвае і кантралюе дзяржава. Пра дэталі Свабодзе расказвае адзін з стваральнікаў «Лічбавай Беларусі», ІТ-прадпрымальнік Яраслаў Ліхачэўскі.

«Лічбавая Беларусь» — альтэрнатыўная дзяржава без Лукашэнкі

«Усякая дзяржава — гэта пэўная плятформа, рамкі агульных правілаў, паводле якіх грамадзтва жыве і рэгулюе сваё жыцьцё. Мы цяпер пазбаўленыя рэальнай дзяржавы, мы ня можам удзельнічаць у палітычным, эканамічным і сацыяльным жыцьці. Таму мы падумалі: а чаму б не стварыць альтэрнатыўную плятформу, на якой можам камунікаваць паміж сабой, працаваць адно з адным, ствараць бізнэсы разам, аказваць адно другому паслугі, тым самым робячы жыцьцё адно аднаго лепшым», — гаворыць Яраслаў.

Каманда разьлічвае залучыць у плятформу паўмільёна чалавек — 10% працаздольнага насельніцтва Беларусі. Паводле дасьледаваньня, беларусаў у Беларусі найбольш хвалююць пытаньні эканомікі. Менавіта на разьвязаньне гэтых праблемаў і будзе найперш скіраваная плятформа «Лічбавая Беларусь».

Часткай паслугаў можна будзе скарыстацца без аўтарызацыі. Але будуць і такія, для якіх спатрэбіцца ідэнтыфікацыя асобы. Дзеля гэтага ад самага пачатку будуць запушчаныя лічбавыя ID.

«Той ID, які мы ствараем, будзе працаваць паводле прынцыпу крыптагаманца. Але замест манэтаў у нас будуць складацца вэрыфікацыі ад розных сэрвісаў. Яны будуць фармаваць лічбавы вобраз грамадзяніна. Гэта штосьці накшталт крэдытнай гісторыі: адукацыя, досьвед працы — усё, што можа ў будучыні палегчыць доступ да пэўных паслугаў. Ёсьць пытаньне, ці гэты ID можа быць прызнаны рознымі краінамі. Але яно цалкам палітычнае і дыпляматычнае. Гэта будзе доўгі шлях», — кажа Яраслаў.

Паводле суразмоўцы, для спраўнай працы плятформы дастаткова і ўласнага ID. Для мэдычных паслугаў даволі будзе пацьвердзіць, што кліент беларус. У фінансавых паслугах мае выкарыстоўвацца адмысловы пратакол, бо ўсякі фінансавы інстытут мусіць ведаць, з кім ён працуе. Таму тут давядзецца прайсьці поўную вэрыфікацыю. У будучыні яна спатрэбіцца, напрыклад, для ўдзелу ў выбарах, каб стваральнікі плятформы ведалі, што адзін чалавек — адзін голас.

«Лічбавая Беларусь» аб’яднае многія паслугі і сэрвісы, якія існавалі дагэтуль асобна. Сэрвіс тэлемэдыцыны даступны ўжо больш за год, яго стваралі тыя самыя людзі, якія працуюць над стварэньнем і гэтай плятформы. Цяпер сэрвісы хочуць аб’яднаць у адну інфраструктуру, каб яны маглі камунікаваць паміж сабой, а людзі — з сэрвісамі, каб усё было больш зручна і эфэктыўна.

«Возьмем нашыя шматлікія фонды салідарнасьці. Былі сытуацыі, калі адзін і той жа чалавек мог зьвяртацца па дапамогу ў некалькі фондаў. Мы хочам такога ўнікаць, бо трэба ж дапамагчы як мага большай колькасьці людзей. І калі адзін палітвязень ці хтосьці зь яго сям’і будзе аднойчы вэрыфікаваны фондам, то гэтая вэрыфікацыя застанецца ў яго лічбавым ID. Дзякуючы ёй можна будзе атрымліваць адукацыю на адукацыйных сэрвісах, бясплатную мэдыцыну, дапамогу ў пошуку працы і г. д.», — апавядае Ліхачэўскі.

Непадкантрольная Лукашэнку фінансавая сыстэма

Хто кантралюе фінансавую сыстэму, той кантралюе ўсё, што адбываецца ў грамадзтве, кажа Ліхачэўскі і прыводзіць прыклад дапамогі палітвязьням пасьля пратэстаў у 2020 годзе.

«Фонд ByHelp выплочваў дапамогу стандартнымі банкаўскімі сродкамі. Грошы пераводзіліся з брытанскага банку на рахунак беларусаў у банках Беларусі. Але выявілася, што беларускія банкі „зьліваюць“ усю інфармацыю лукашэнкаўскім спэцслужбам, сродкі гэтых людзей былі ў выніку арыштаваныя і самі людзі трапілі пад рэпрэсіі», — гаворыць Ліхачэўскі.

Менавіта таму распрацоўнікі «Лічбавай Беларусі» хочуць стварыць і не падкантрольную рэжыму фінансавую сыстэму. Таму праз плятформу можна будзе праводзіць і грашовыя апэрацыі.

«У нашым сэрвісе тэлемэдыцыны ёсьць дактары і пацыенты ў Беларусі. Дактарам трэба плаціць заробак, а пацыентам трэба аплочваць за паслугі. Калі нас чарговы раз прызнаюць „экстрэмістамі“ ці „тэрарыстамі“, то ўсе людзі, якія маюць з намі фінансавыя зносіны, таксама трапляюць пад рызыку. Таму нам трэба ствараць уласную фінансавую сыстэму, не падкантрольную Лукашэнку», — кажа Ліхачэўскі.

Што наконт бясьпекі

Ці будзе ўсё гэта бясьпечным і ці не ўзламаюць сыстэму хакеры — лукашэнкаўскія, а мо нейкія іншыя? Яраслаў Ліхачэўскі кажа, што стоадсоткавай пэўнасьці ў прыродзе не існуе, але стваральнікі плятформы маюць тэхналягічныя перавагі.

«Абараняцца заўсёды прасьцей, чым узломваць. Яшчэ ніхто ня вынайшаў эфэктыўных сродкаў, каб узламаць тэхналёгіі, якія нам сёньня даступныя і на базе якіх мы ствараем нашыя прадукты. Гэта ня значыць, што праз 5 гадоў іх ня зьявіцца. Але гэта азначае толькі тое, што нам трэба ўвесь час рухацца наперад і рупіцца пра бясьпеку», — кажа Ліхачэўскі.

Ён прыгадвае, як праўладныя тэлеграм-каналы тыражавалі навіну, быццам база плятформы «Голас» вядомая ўладам і ўсе, хто там галасаваў, цяпер вядомыя ГУБАЗіКу. Але Ліхачэўскі тлумачыць, што «Голас» і ня меў базы зьвестак.

«Мы будуем сыстэму лічбавых ID на базе блокчэйну — такім чынам, што менавіта кожны карыстальнік захоўвае свае пэрсанальныя зьвесткі. Блокчэйн — тэхналёгія захоўваньня і перадачы інфармацыі, у якой праўдзівасьць інфармацыі мусіць быць пацьверджаная ўсёй сеткай, залучанай у працэс. Маніпуляцыі там тэхнічна немагчымыя. Умоўна кажучы, маю асабістую прыладу могуць узламаць, дастаць зь яе пэрсанальныя зьвесткі, але агульнай базы не існуе ў прыродзе. І каб атрымаць зьвесткі пра кожнага ўдзельніка сыстэмы, неабходна ўзламаць прыладу кожнага. Гэта шматкроць больш складана, чым узламаць базу на нейкім сэрвэры».

У будучыні — лічбавыя пашпарты і выбары

«Лічбавая Беларусь» пачынаецца з сацыяльна-эканамічных сэрвісаў, але ў будучыні яе функцыі могуць значна пашырыцца. Калі ў Беларусі адбудуцца перамены, то дзякуючы плятформе можна будзе пачаць выдаваць электронныя пашпарты або праводзіць выбары і рэфэрэндумы.

«Давайце ўявім, што калісьці на гэтай плятформе будзе 10 мільёнаў беларусаў. Кожны зь іх мае лічбавы пашпарт, нават неканечне прызнаны ў іншых краінах. Галоўнае, каб мы ідэнтыфікавалі асобу. У іншых краінах гэта працуе на ўзор электроннага подпісу. Тады мы зможам праводзіць цалкам дэмакратычныя выбары. Выбіраць прэзыдэнта, калі вырашым, што ён нам патрэбны, або парлямэнт. Мы зможам будаваць дэмакратыю, бо зможам самі пра гэта дамовіцца», — разважае Яраслаў.

Палітычным напаўненьнем «Лічбавай Беларусі» займаецца адмысловая каманда дасьледнікаў. Яна спрабуе знайсьці шляхі пабудовы лічбавай дэмакратыі. Пачынаць разьвіваць пэўныя элемэнты будучай лічбавай дэмакратыі можна ўжо і ў такой супольнасьці, кажа Ліхачэўскі.

«Мы можам дамовіцца паміж сабою, што плацім нейкія падаткі ці ўнёскі. Дзякуючы ім зможам рэалізоўваць праграмы нацыянальнага ўзроўню. Гэта могуць быць праграмы падтрымкі беларускай мовы, праграмы падтрымкі палітвязьняў або нешта яшчэ. Бо асобнымі групамі такія сур’ёзныя праграмы немагчыма рэалізаваць. А галасаваньнем унутры плятформы можам вырашыць, на што гэтыя сродкі прызначыць».

У ходзе ўскладненьня мэханізму зьявіцца патрэба у мэнэджарах, кажа Ліхачэўскі. Яны і будуць адказнымі за рэалізацыю праграмаў. Наймаць іх будуць самі ўдзельнікі плятформы.

Іншае важнае пытаньне — давер да тых, хто стаіць за плятформай. Як беларусы могуць давяраць свае зьвесткі і грошы камусьці, каго нават ня ведаюць? Сёньня публічна ад імя стваральнікаў «Лічбавай Беларусі» выступаюць дзьве асобы — Яраслаў Ліхачэўскі і Павал Лібер.

«Я ня веру ў тое, што можа быць выбудаваны давер да каманды „Лічбавай Беларусі“ ці, напрыклад, „кабінэту Ціханоўскай“, Цапкалы, Латушкі і г. д. Давер можа быць выбудаваны толькі там, дзе ты сам прымаеш удзел у працэсах. Дзяржава фармуецца паводле сваіх прынцыпаў, а мы можам выкарыстаць іх, каб стварыць для пачатку ўласную асацыяцыю. Хочам, каб калісьці гэта ператварылася ў дзяржаву, але спачатку гэта можа быць прасьцейшая форма, у якой людзі самі будуць выбіраць сваіх прадстаўнікоў, каб выконваць гэтыя функцыі. То бо яны давяраюць грошы не камандзе „ЛБ“, а чалавеку, якога яны самі выбралі і якому вырашылі даверыць свае грошы. Калі нам удасца стварыць сыстэму, дзе мы зможам рэгулярна перавыбіраць гэтых людзей, мы такім чынам будзем рухацца да нармальнай дэмакратычнай сытуацыі. А калі выбраны чалавек ня дасьць рады, то мы яго звальняем і наймаем новага шляхам выбараў».

Прыкладаў узорнай працы такой сыстэмы ў сьвеце пакуль няма, бо беларуская сытуацыя ўнікальная. Звычайна лічбавыя прадукты аўтамытызуюць працэсы, якія ўжо існуюць. Добрым прыкладам краіны, якая здолела аўтаматызаваць дзяржаўныя і дэмакратычныя працэсы, служыць Эстонія. Калі ня ўсё, то шмат што яны сёньня робяць пры дапамозе лічбавых інструмэнтаў. Іншы эфэктыўны прыклад — украінская плятформа «Дія».

«Сыстэмы лічбавых ID і аблічбаваньня шмат чаго існуюць і ў Нідэрляндах, і часткова ў ЗША, і шмат дзе. Але няма такога, каб дзяржава вырастала зь лічбавай плятформы. Калі гэта ўдасца нам, то гэта будзе новы і ўнікальны досьвед. Усе інструмэнты ўжо існуюць, нам трэба ўзяць гатовыя ці адаптаваць тэхналёгіі, каб распрацаваць інструмэнты беспасярэдне для нас», — кажа Яраслаў Ліхачэўскі.

У бліжэйшыя дні каманда «Лічбавай Беларусі» павінна запусьціць бэта-тэст плятформы. Прыём заяваў на тэставаньне будзе адкрыты, будуць выбраныя ад тысячы да дзьвюх тысяч тэставальнікаў і ўжо сам тэст будзе закрытым. Валянтэры тэставацьмуць плятформу цягам некалькіх тыдняў. Калі ўсё пойдзе згодна з плянам, то ў пачатку лістапада адбудзецца публічны рэліз і запрашэньне ўсіх патэнцыйных карыстальнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG