Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея дала «Талібану» зьніжку на збожжа і паліва


Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў на перамовах з талібамі, лістапад 2018
Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў на перамовах з талібамі, лістапад 2018

Расейскі ўрад дамовіўся з урадам руху «Талібан» у Афганістане аб пастаўцы ў краіну пшаніцы, звадкаванага прыроднага газу, дызэльнага паліва і бэнзіну. Пры гэтым Масква прапанавала талібам зьніжку на нафтапрадукты ў параўнаньні з сусьветнымі цэнамі.

Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на выканаўцу абавязкаў міністра прамысловасьці талібаў Нурыдзіна Азізі.

«Талібан» прызнаны ў Расеі тэрарыстычнай арганізацыяй. Аднак рух ужо больш за год кантралюе ўладу ў Афганістане пасьля падзеньня міжнародна прызнанага ўраду Ашрафа Гані. Масква стала адной зь нешматлікіх краін, якія пакінулі адкрытым сваё пасольства ў краіне. Дэлегацыі талібаў рэгулярна наведваюць Расею, у тым ліку яны былі на міжнародным эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу.

Паводле Азізі, Расея пагадзілася пастаўляць Афганістану штогод два мільёны тон пшаніцы, па адным мільёне тон дызэльнага паліва і бэнзіну і 500 тысяч тон звадкаванага газу. Ён адмовіўся назваць кошт пагадненьня, адзначыўшы толькі, што Масква пагадзілася даць зьніжку ў параўнаньні з сусьветнымі цэнамі.

Невядома, як будзе аплачана ўгода. Афганістан фактычна адрэзаны санкцыямі ад сусьветнай фінансавай сыстэмы. Пагадненьне з Масквой — першы вядомы буйны кантракт пасьля прыходу талібаў да ўлады. Раней Вашынгтон анансаваў стварэньне спэцыяльнага фонду, у які пойдзе частка замарожаных міжнародных рэзэрваў афганскага ўраду, каб аплачваць закуп крытычна важных тавараў для краіны.

Масква ўгоды не камэнтавала. Фінансаваньне тэрарыстаў забаронена адразу некалькімі артыкуламі расейскага Крымінальнага кодэксу. Год таму, у кастрычніку 2021 году, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заяўляў, што пазыцыя Расеі – рухацца ў кірунку выключэньня талібаў са сьпісу тэрарыстаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG