Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яніна Сазановіч са сьпісу «завочных судоў»: «Яны ня могуць забраць тое, што я нарадзілася беларускай»


Яніна Сазановіч
Яніна Сазановіч

Яніна — адміністратарка тэлеграм-каналу «Карнікі Беларусі» і Youtube-каналу «Дзікае паляваньне». Цяпер яна па-за межамі Беларусі.

Яніна Сазановіч — першая ў сьпісе СК, каго хочуць судзіць завочна, паводле новага заканадаўства. Яна расказала, як ставіцца да гэтай навіны.

«Гэта фікцыя. Зразумела, што гэта палітычная справа. На маё жыцьцё гэта ніяк не паўплывае, бо я ў бясьпецы. На жыцьцё маіх блізкіх — таксама, бо мама з бабуляй таксама ў бясьпецы», — кажа яна.

Асабіста Яніну ніхто не запрашаў на судовы працэс. Пра яго яна даведалася з прэс-рэлізу СК.

«Тое, што яны мне напісалі зьявіцца па адрасе Фрунзэ — хай чакаюць. Паглядзім, што будзе з гэтага далей. Але яны блазны, і працягваюць гэта паказваць. Гэта несапраўдны суд», — упэўненая дзяўчына.

Пра тое, што яе адзначылі сілавікі, Яніна даведалася ад знаёмых, якія пачалі прысылаць ёй паведамленьні ў мэсэнджары.

«Мне пачалі скідваць. Гляджу, мяне віншуюць зь нечым. Што здарылася? Мабыць, „тэрарыста“ далі? Гляджу, ага, зразумела», — кажа яна.

— Як вы адрэагавалі ў першы момант?

— О, прыкол! Я разумею, што гэта прэцэдэнтная справа. Наколькі я ведаю, па ўсім сьвеце такога не было. Можа, калі і былі 1–2 справы. Трэба, каб усе мэдыя напісалі пра тое, што дыктатарскі рэжым робіць усё, каб зьнішчыць іншадумцаў.

Толькі з інтэрнэту Яніна даведалася, што на яе завялі дзьве крымінальныя справы:

  • за «распальваньне варожасьці» (ч. 3 арт. 130 КК)
  • і за «наўмысныя незаконныя збор, прадастаўленьне і распаўсюджваньне інфармацыі аб пэрсанальных дадзеных іншай асобы безь яе згоды» (ч. 3 арт. 203–1 КК).

Раней яна ведала толькі пра першы артыкул.

«Яны ня маюць права мяне судзіць па гэтым артыкуле, — кажа яна пра „незаконны распаўсюд пэрсанальнай інфармацыі“, — бо гэты артыкул яны прапісалі ўжо пасьля таго, як пачаўся дэанон».

— Як вы пацярпелі праз сваю дзейнасьць?

— Яны ўжо двойчы разграмілі кватэру. Першы раз год таму. Сёлета, калі пагромы пачаліся, яны таксама пачалі зь мяне. Я ня ведаю, чаму я ў іх па ўсіх справах першапраходзец. На другі раз яны цалкам паднялі падлогу, усё раскідалі, парвалі нешта. Гэта яшчэ і кватэра не мая, у мяне няма ніякай маёмасьці ў Беларусі. Кватэра маёй мамы.

— Як вашы блізкія рэагуюць на наступствы вашай дзейнасьці?

— Мама хвалюецца, каб я не хвалявалася. Яна кажа: «Як яны ўсё разбамбілі, так і назад усё паставяць, калі мы вернемся. А мы абавязкова вернемся ў свабодную Беларусь».

— Чаго вам будзе больш шкада: страчанага беларускага грамадзянства, калі вас яго пазбавяць праз гэты працэс, ці разгромленай кватэры?

— Ні аднаго, ні другога. Яны могуць ануляваць мой пашпарт. Але яны ня могуць забраць у мяне тое, што я нарадзілася і вырасла беларускай. Я думаю, цяпер эўрапейскія краіны стануць больш сур’ёзна ставіцца да такіх, як я, калі нас пазбавяць грамадзянства. Я наконт гэтага ня вельмі хвалююся. А кватэра — гэта проста рэч. Справа нажыўная. Там былі рэчы вельмі блізкія мне да сэрца, але што я магу зрабіць? Я лічу, што тое, што я раблю, — гэта слушная справа.

— Як вы думаеце, чаму вы трапілі ў першы сьпіс «завочных судоў»?

— Таму што дэанон працуе і будзе працаваць далей. Яны баяцца дэанону. Усе іхныя дзеяньні гэта паказваюць.

— Вы ня думаеце спыняць сваю дзейнасьць?

— У мяне такіх думак нават не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG