Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ватыканскі кардынал ня бачыць маральнай праблемы ў пастаўках зброі Ўкраіне: «Абсалютны пацыфізм не зьяўляецца хрысьціянскім»


Папа Францішак паказвае ўкраінскі сьцяг, які даставілі ў Ватыкан з Бучы
Папа Францішак паказвае ўкраінскі сьцяг, які даставілі ў Ватыкан з Бучы

Патрыярх Маскоўскі спадзяваўся на «стратэгічны саюз з Рымам», каб падтрымаць сваю рэлігійную легітымізацыю расейскай ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне, але Ватыкан адмовіўся. Пра гэта расказаў кардынал Курт Кох.

У інтэрвію швайцарскай штодзёнцы Neue Zürcher Zeitung, якое цытуе Беларуская служба Vatican News, прэфэкт Дыкастэрыі спрыяньня хрысціянскаму адзінству (аналяг міністэрства ў іншых дзяржавах) зазначыў, што Кірыл быў перакананы ў «асаблівай місіі Расеі», якая заключаецца «ў абароне хрысьціянскіх каштоўнасьцяў перад дэкадэнцкім Захадам». Таму падчас візыту кардынала Коха ў Маскву ён прапанаваў яму стратэгічны саюз для абароны гэтых каштоўнасьцяў.

Ватыканскі герарх адназначна адхіліў прапанову кіраўніка РПЦ. «Я ведаў ідэі Кірыла. Тым ня менш не чакаў, што ён пойдзе так далёка і стане ўзаконьваць агрэсіўную вайну. Гэта мяне вельмі зьдзівіла», — прызнаўся ён.

Патрыярх Маскоўскі «на кожнай сустрэчы» крытыкаваў Украінскую грэка-каталіцкую царкву. Ён абвінавачваў яе ў «браканьерстве» супраць праваслаўных вернікаў. Кардынал заявіў, што яму неаднаразова прыходзілася адхіляць гэтыя абвінавачаньні.

Кардынал Курт Кох
Кардынал Курт Кох

Кох зьвярнуў увагу на тое, што дагэтуль няма «канкрэтнага адказу» на прапанову папы паехаць у Маскву і сустрэцца з Уладзімірам Пуціным і Кірылам. Ён таксама лічыць малаверагоднай на гэты момант паездку пантыфіка ва Ўкраіну. «Дактары ня раяць ехаць цягніком у Кіеў. Папа поўны энэргіі, але стан калена ўсё роўна прымушае яго перасоўвацца ў інвалідным вазку», — сказаў кардынал.

Кох ня бачыць маральнай праблемы ў пастаўках зброі ва Ўкраіну. «Абсалютны пацыфізм, які трымаецца ўбаку, калі ўжываецца гвалт, не зьяўляецца хрысьціянскім. Калі існуе несправядлівы гвалт і я магу ўмяшацца, я павінен гэта зрабіць», — патлумачыў швайцарскі тэоляг.

Ён спаслаўся на словы Францішка, які падчас прэс-канфэрэнцыі на борце самалёта, вяртаючыся з Казахстана, назваў пастаўкі зброі Кіеву маральна апраўданымі, «калі гаворка ідзе пра дапамогу ахвярам агрэсіі ў іх абароне».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG