Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Галерэі славы» БДУ — стрыечны дзед Мікіты Міхалкова. У вайну ён кіраваў менскім аддзелам расейскай партыі нацыстаў


Дзьмітрый Канчалоўскі
Дзьмітрый Канчалоўскі

У 1921 годзе Дзьмітрый Канчалоўскі прачытаў першую лекцыю ў толькі што створаным Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. Партрэт і біяграфія Канчалоўскага ўпрыгожваюць «Галерэю славы» галоўнай ВНУ краіны. Пра тое, што ён кіраваў у Менску нацысцкай партыяй, быў ідэолягам саюзу Трэцяга Райху з Расеяй і асуджаў Нюрнбэрскі працэс, у БДУ маўчаць.

Дзьмітрый Канчалоўскі (1878–1952) — расейскі гісторык і перакладчык. Ён быў малодшым з трох братоў Канчалоўскіх. Старэйшы, Пётр, стаў знакамітым савецкім мастаком, акадэмікам, ляўрэатам Сталінскай прэміі, сярэдні — Максім Канчалоўскі — ня менш знакамітым лекарам. Максім і Дзьмітрый прыходзіліся роднымі дзядзькамі Натальлі Канчалоўскай, якая выйшла замуж за Сяргея Міхалкова, аўтара словаў расейскага гімну. То бок герой нашай публікацыі быў стрыечным дзедам Мікіты Міхалкова, расейскага кінатворцы, які сёньня больш вядомы як ідэоляг «русского мира» і адэпт Пуціна.

Вялікі артыкул пра малавядомыя дэталі жыцьця Дзьмітрыя Канчалоўскага днямі апублікавалі на сайце Расейскай службы Радыё Свабода. У ім расейскі гісторык Ігар Пятроў расказаў пра тое, што вымушаны быў хаваць сам Канчалоўскі. Нам ён цікавы тым, што ў ягонай біяграфіі важнае месца займала Беларусь.

Тое, што Канчалоўскі ў вайну супрацоўнічаў з нацыстамі, вядома ўжо ня першы год. Пятрову ж удалося раскрыць новыя падрабязнасьці — ён знайшоў новыя дакумэнты і расшыфраваў псэўданім Канчалоўскага.

Вядомыя сваякі Канчалоўскага або цалкам ігнаравалі гэтую старонку яго жыцьця, або спрабавалі патлумачыць гэта кароткачасовай памылкай. Напрыклад, пляменьнік Мікіта Міхалкоў, вядоўца перадачы «Бесогон» на расейскай тэлевізіі, крытыкаваў у адным з этэраў сучасных расейскіх школьнікаў за кепскія веды пра гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, пра гераізм Чырвонай Арміі, і цытаваў там жа радкі з кнігі свайго дзядзькі-нацыста ў якасьці маральнага аўтарытэта. Хоць сам Канчалоўскі ў вайну быў зусім на іншым баку.

Брат Мікіты, расейскі рэжысэр Андрон Канчалоўскі тлумачыў аднойчы, што яго дзядзька сапраўды перайшоў на бок немцаў, але як толькі ўбачыў, «як нейкага габрэя цягнуць за бараду ў гестапа», неадкладна пайшоў скардзіцца ў гестапа, і «яго тут жа забралі, забралі яго і яго сям’ю... паслалі ў канцэнтрацыйны лягер». Як выявіў расейскі гісторык Ігар Пятроў, гэта выдумка.

Канчалоўскі і Беларусь

Дзьмітрый Канчалоўскі скончыў філялягічны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэу, два гады слухаў лекцыі па гісторыі ў Бэрліне, дзякуючы чаму выдатна вывучыў нямецкую мову. Пасьля нават напіша, што стаў «чалавекам... які ўвабраў нямецкія культурныя каштоўнасьці і захаваў у сваёй душы падзяку за шчасьце быць выхаваным і ідэйна, і маральна па нямецкім лякале».

Вярнуўшыся ў Маскву, Канчалоўскі выкладаў гісторыю. Так было і пасьля ўсталяваньня савецкай улады. У 1921 годзе яго запрасілі ў Менск і зацьвердзілі на пасадзе прафэсара «па катэдры ўсеагульнай гісторыі ФОНу» БДУ. Так сталася, што Канчалоўскі стаў першым выкладчыкам, які прачытаў лекцыю ў толькі што створаным унівэрсытэце. Яна была прысьвечаная гісторыі Старажытнага Рыму. Вось як тады пра гэта пісаў прафэсар-філёзаф С. Я. Вальфсон: «...Скрозь клубы дыму выдзяляецца асырыйскім клінком чорная барада Д. П. Канчалоўскага... Пачатак заняткаў ва Ўнівэрсытэце быў назначан на 12 гадз. раніцы 31 кастрычніка... Хутка пачалі зьяўляцца студэнты, а крыху пазьней у да адказу перапоўненай залі соценны натоўп смагла лавіў „чаканную“ прамову Д. П. Канчалоўскага аб культуры Міжземнага мора ў эпоху панаваньня Рыму. Беларускі Дзяржаўны Ўнівэрсытэт радзіўся...»

Дзьмітрый Канчалоўскі. Аўтар: брат Пётр, 1909
Дзьмітрый Канчалоўскі. Аўтар: брат Пётр, 1909

Але Канчалоўскі працягваў жыць у Маскве, у Менск ён прыяжджаў адмыслова на лекцыі. У 30-я гады яго выкладчыцкая праца ў Маскве пачала сустракаць перашкоды. Канчалоўскага абвінавачвалі ў шкодніцтве і антымарксісцкіх поглядах, а большая частка напісаных ім гістарычных працаў так і не была ніколі надрукавана.

З такой гісторыяй адносін з бальшавікамі сымпатый да савецкай улады ён ня меў. Калі ў кастрычніку 1941-га немцы ішлі на Маскву, ён не эвакуаваўся і дачакаўся іх на сваім лецішчы «Огневский яр» пад Мажайскам.

Пазьней Канчалоўскі пісаў: «Пасьля бальшавіцкіх катаў і прыгнятальнікаў нямецкія салдаты здаваліся мне рыцарамі сьвятла, якія вядуць сьвяты бой з вылюдкамі пекла».

Каб не падвесьці сваіх савецкіх высокапастаўленых сваякоў, Канчалоўскі ўзяў сабе псэўданім Сашальскі. Празь месяц пасьля прыходу немцаў, як згадваў прафэсар Сашальскі ў сваёй нямецкай аўтабіяграфіі, на яго сям’ю напалі партызаны, паранілі дачку і жонку. Разам зь немцамі ён адступіў у бок Смаленску і некаторы час жыў у самім горадзе. З 1 красавіка 1942 году ў яго была новая пасада — супрацоўнік аддзелу прапаганды W групы войскаў «Цэнтар».

Праца для Альфрэда Розэнбэрга ў акупаваным Менску

Захаваўся дакумэнт службы бясьпекі пра Канчалоўскага. Немцы пішуць, што ён «думае абсалютна па-вялікаруску», «спрабуе выкарыстаць бягучую сытуацыю для таго, каб атрымаць важную пасаду ў рускай цывільнай адміністрацыі». Рэфэрэнту айнзацгрупы B Канчалоўскі-Сашальскі заявіў, што імкнецца стаць расейскім міністрам у пытаньнях рэлігіі і культуры.

Паколькі Канчалоўскі не сышоўся з цывільнай адміністрацыяй у Смаленску, ён едзе далей на Захад, у акупаваную Беларусь, дзе меў даўнія сувязі ў Менску.

Тут ён знаходзіцца на ўтрыманьні апэратыўнага штабу Альфрэда Розэнбэрга, міністра ўсходніх акупаваных земляў. На яго замову Канчалоўскі піша працы пра антырэлігійную палітыку бальшавікоў, якія павінны былі ўвайсьці ў кнігу, якая рыхтавалася апэратыўным штабам у якасьці адказу на зборнік Маскоўскага патрыярхату «Праўда аб рэлігіі ў Расеі».

Адным з вынікаў яго супрацы зь немцамі стаў 14-старонкавы мэмарандум пад назвай «Разважаньні аднаго рускага аб супрацоўніцтве Нямеччыны з народамі на Ўсходзе». У мэмарандуме на імя Розэнбэрга ён піша пра «гістарычна абгрунтаваны шчыльны саюз зь Нямеччынай, у якім нараджаюцца новыя духоўныя і матэрыяльныя каштоўнасьці», пра тое, як «адправіўся насустрач вэрмахту, каб прыняць удзел у барацьбе з бальшавізмам». Ён просіць немцаў прынцыпова зьмяніць палітыку ў адносінах да рускага народу і даць яму больш аўтаноміі. Канчалоўскі ўскладае там пэўныя надзеі на ўласаўскі рух.

Загалоўны ліст мэмарандума Д.П. Канчалоўскага, 1943 год. Крыніца: Бундэсархіў.
Загалоўны ліст мэмарандума Д.П. Канчалоўскага, 1943 год. Крыніца: Бундэсархіў.

У ліпені 1943-га па Менску праходзіць чутка, што акадэмік беларускай Акадэміі навук Мікалай Нікольскі зьбег да партызанаў. Праблема ў тым, што ён паабяцаў немцам напісаць этнаграфічную распрацоўку на тэму «Звычаі пры заручынах і вясельлі» і нават узяў за яе аванс. Але на дапамогу немцам прыходзіць былы сябра Нікольскага Канчалоўскі. Цяпер ён расказвае немцам пра таямніцы рускай душы. Тлумачыць ён і прычыну ўцёкаў Нікольскага — маўляў, яшчэ да рэвалюцыі Нікольскі карыстаўся добразычлівасьцю габрэйскіх выдавецтваў, а калі выкладаў у Менску, то аддаваў перавагу студэнтам-габрэям, а многія яго навуковыя працы — «танная халтура».

Паштоўка, дасланая Канчалоўскім з Бэрліна ў апэратыўны штаб Розэнбэрга, 1944 год. Крыніца: Бундэсархіў.
Паштоўка, дасланая Канчалоўскім з Бэрліна ў апэратыўны штаб Розэнбэрга, 1944 год. Крыніца: Бундэсархіў.

Антысэміцкія матывы прысутнічаюць і ў адным зь нямногіх прапагандысцкіх артыкулаў, якія дайшлі да нас. У ім Канчалоўскі піша:

«У той час як у сусьветнай бойні, якая зараз адбываецца, ліецца кроў літаральна ўсіх народаў зямнога шара, адно толькі племя застаецца ўбаку і старанна беражэ сваю шкуру. Гэта — габрэйскае племя. Затое ў яго — свая вайна, але габрэі вядуць яе, як заўсёды, ня зброяй і крывёю, а шахер-махерам, інтрыгамі, подкупам і сусьветным кагалам. Мэта гэтай вайны — „Палестына — габрэям!“. Габрэям мала таго, што ў большасьці краін яны захапілі вядучую ролю ў палітыцы і фінансах. Ім патрэбен яшчэ свой уласны цэнтар, дзе яны адчувалі б сябе поўнымі гаспадарамі, куды яны маглі б адусюль сьцягнуць у адзін вузел ніткі свайго сусьветнага панаваньня. Такім цэнтрам павінна быць Палестына, яе яны азначылі сабе даўно, і зараз яны пачуваюцца блізка да мэты».

Канчалоўскі — лідэр менскай расейскай партыі нацыстаў

Паралельна, знаходзячыся ў Менску, ён уступае ў Расейскую Нацыянал-сацыялістычную партыю і становіцца кіраўніком яе менскага аддзелу. Партыя была марыянэтачным палітычным органам брыгады Камінскага, расейскай грэнадэрскай вафэн-дывізіі СС, якою кіраваў расейскі калябарант, генэрал-маёр войскаў СС Браніслаў Камінскі. Канчалоўскі выступаў на сходах партыі, прычым, паводле газэтных справаздач вясны 1944 году, «сіла і пераканаўчасьць яго слоў закранулі самыя глыбокія і чыстыя схованкі сэрцаў прысутных». Пасьля аднаго са сходаў ён абвясьціў здравіцу нямецкаму народу і яго фюрэру.

Але лідэрскімі якасьцямі Канчалоўскі ня вызначыўся. За тры месяцы ў 1944 годзе аддзел прыцягнуў у шэрагі партыі некалькі дзясяткаў чалавек. Канчалоўскаму прапаноўвалі пераехаць у Ліду і далучыцца да брыгады Камінскага ня толькі ідэалягічна, але і фізычна, але ён застаўся ў Менску. Неўзабаве дзейнасьць партыі згасла, а з усходу наступала Чырвоная Армія. Дзядзька Мікіты Міхалкова мусіў уцякаць зь Менску.

Урывак з мэмуара Канчалоўскага, 1951. Крыніца Hoover Institution Library and Archives.
Урывак з мэмуара Канчалоўскага, 1951. Крыніца Hoover Institution Library and Archives.

У ліпені 1944 году, ужо пасьля эвакуацыі, Канчалоўскі са скандалам парывае з апэрштабам Розэнбэрга і зьяжджае ў Бэрлін: маўляў, яму абяцалі месца ў службе прапаганды генэрала Ўласава. Але з гэтага нічога не атрымалася.

Пасьля вайны ён застаўся на поўначы Нямеччыны і да кастрычніка 1947-га жыў у лягеры для перамешчаных асобаў у раёне Гановэра пад прозьвішчам Сьцяпанаў. Яго рэгістрацыйныя карткі даступныя ў архіве. Акрамя прозьвішча, у іх амаль усё праўда, нават прафэсія — прафэсар гісторыі. Але апошняе месца жыхарства да 1.9.1939 пазначана зусім іншае, чым было — Баранавічы. Гэта была стандартная практыка, каб пазьбегнуць фармальнай падставы для высылкі ў СССР, паколькі Баранавічы тады знаходзіліся ў складзе Польшчы.

Нягледзячы на тое, што савецкія спэцслужбы шукалі Канчалоўскага-Сашальскага-Сьцяпанава, яго ня выдалі на савецкі бок, і ў канцы 1947 году яму ўдалося выехаць да сястры ў Парыж, дзе ён так і жыў пад прозьвішчам Сьцяпанаў. У сваіх успамінах ён называў Нюрнбэрскі працэс яшчэ больш несправядлівым, чым Вэрсальская дамова. Найперш з прычыны прысутнасьці савецкіх судзьдзяў. 8 чэрвеня 1952 году ў яго адбылося кровазьліцьцё ў мозг, праз два дні ён памёр у бальніцы.

«Галерэя славы» БДУ

Супраца Дзьмітрыя Канчалоўскага з нацыстамі, кіраваньне рускай нацысцкай партыяй, антысэміцкія тэксты ня сталі перашкодай, каб яго біяграма ўпрыгожыла сайт БДУ ў разьдзеле «Галерэя славы». Увесь ваенны пэрыяд жыцьця Канчалоўскага зьмешчаны ў адзін сказ:

«У гады Вялікай Айчыннай вайны Д. П. Канчалоўскі зь сямʼёй знаходзіўся на акупаванай фашыстамі тэрыторыі, летам 1944 г. яму ўдалося выехаць спачатку ў Бэрлін, а потым у Парыж, дзе ён пасяліўся ў сваёй сястры».

Скрыншот з сайту БДУ
Скрыншот з сайту БДУ

Тым ня менш на гістфаку БДУ ўсё ж нешта вядома пра нязручныя старонкі біяграфіі былога прафэсара, як можна меркаваць з наступнай цытаты.

«Піетэт у адносінах да яго за гады савецкай улады быў старанна мінімізаваны ўладнымі ідэолягамі ў сілу неардынарнасьці лёсу гісторыка-мэдыявіста», — напісана на сайце. Што гэта за неардынарнасьць, можна толькі здагадвацца. Аўтары, бясспрэчна, пра гэта ведаюць, але вырашылі пазьбягаць праўды, абмежаваўшыся таямнічай фармулёўкай:

«Толькі ў апошнія гады сталі вядомыя падрабязнасьці біяграфіі вучонага: у адзін з архіваў Масквы паступілі на захоўваньне рэдкія матэрыялы, якія раскрываюць дэталі яго жыцьцёвага шляху».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG