Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і яшчэ 6 краін спрабавалі забараніць Зяленскаму выступіць на сэсіі Генасамблеі ААН


Ілюстрацыйнае фота. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі (на экране) выступае зь відэазваротам на саміце NATO. Мадрыд, 29 чэрвеня 2022 году
Ілюстрацыйнае фота. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі (на экране) выступае зь відэазваротам на саміце NATO. Мадрыд, 29 чэрвеня 2022 году

Беларусь, Куба, Нікарагуа, Расея, Паўночная Карэя, Сырыя і Эрытрэя прагаласавалі супраць рашэньня Арганізацыі Аб'яднаных Нацый аб наданьні выключнага права выступу па відэасувязі на Тыдні высокага ўзроўню прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму, паведамляе BPN.

Прэс-служба ААН адзначае, што беларуская дэлегацыя прапанавала не абмяжоўваць гэтае выключэньне толькі Ўкраінай, але яе папраўкі не прайшлі.

За рашэньне надаць права выступу Зяленскаму прагаласавала 101 краіна, яшчэ 19 устрымаліся (Альжыр, Ангола, Банглядэш, Бразылія, Бурундзі, Кітай, Ірак, Іран, Малайзія, Манголія, Намібія, Нэпал, Пакістан, Сальвадор, Сэнт-Вінсэнт і Грэнадзіны, Тайлянд, Узбэкістан, Шры-Лянка, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка).

У рэзалюцыі, аўтарамі якой выступілі дзясяткі краін, падкрэсьліваецца, што гаворка ідзе толькі пра бягучую сэсію і выключэньне не павінна быць прэцэдэнтам, зазначае прэс-служба ААН. Рашэньне матываванае тым, што Генасамблея прымае да ўвагі «абставіны, пры якіх кіраўнікі міралюбівых сувэрэнных дзяржаў, сябраў ААН, ня могуць асабіста ўдзельнічаць у пасяджэньнях Генасамблеі па не залежных ад іх прычынах з прычыны працяглага замежнага ўварваньня, агрэсіі, ваенных дзеяньняў, якія не дазваляюць ім бясьпечна пакінуць свае краіны і вярнуцца ў іх».

Згодна з прынятым дакумэнтам, Украіна можа прадставіць «загадзя запісаную заяву прэзыдэнта, якая будзе паказаная ў залі Генасамблеі падчас агульных спрэчак на яе 77-й сэсіі».

77-я сэсія Генасамблеі адкрылася ў Нью-Йорку 13 верасьня. Тыдзень высокага ўзроўню пачнецца 20 верасьня, зварот Зяленскага заплянаваны на 21 верасьня.

Ціханоўская прыме ўдзел у 77-й сэсіі Генасамблеі ААН

Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская з 18 па 22 верасьня возьме ўдзел у мерапрыемствах з нагоды 77-й сэсіі Генасамблеі ААН.

Яна наведае штаб-кватэру ААН, дзе плянуе правесьці шэраг двухбаковых сустрэч, сустрэнецца з прадстаўнікамі Дзярждэпартамэнту ЗША, спэцпрадстаўніком ЭЗ у правах чалавека і іншымі палітыкамі. Таксама падчас візыту заплянаваная двухбаковая сустрэча з генэральным сакратаром Рады Эўропы, на ёй плянуецца абмеркаваць наступныя крокі па стварэньні кантактнай групы па сувязях зь Беларусьсю.

19 верасьня Сьвятлана Ціханоўская сустрэнецца з прэзыдэнткай Эўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен і абмяркуе спрашчэньне візавых умоваў для беларусаў і гарантыі незалежнасьці Беларусі на фоне спробаў Расеі ўсталяваць кантроль над краінай.

Таксама 19 верасьня з ініцыятывы Эстоніі пройдзе абмеркаваньне палітычнага крызісу ў Беларусі і ролі менскага рэжыму ў вайне супраць Украіны.

***

Генэральная асамблея ААН заснавана ў 1945 годзе, яна складаецца з 193 сябраў ААН і зьяўляецца пляцоўкай для шматбаковага абмеркаваньня ўсяго спэктру міжнародных пытаньняў. Згодна са статутам, у адсутнасьць асаблівых выпадкаў і надзвычайных сытуацый Генасамблея ААН зьбіраецца штогод з верасьня па сьнежань.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG