Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: пракурор запрасіў 6 гадоў калёніі для стрыечнага брата Паўла Латушкі


Палітык Павал Латушка, ілюстрацыйнае фота
Палітык Павал Латушка, ілюстрацыйнае фота

Па стане на 17 верасьня беларускія праваабаронцы афіцыйна прызналі палітычнымі зьняволенымі 1335 чалавек. Фактычна колькасьць зьняволеных па палітычных матывах можа быць большая, адзначаюць праваабарончыя ініцыятывы.

У судзе Цэнтральнага раёну Менску з 12 верасьня разглядаюць крымінальную справу ў адносінах да трох палітзьняволеных — стрыечнага брата палітыка Паўла Латушкі Анатоля Латушкі, Ліліі Ананян і Алены Маліноўскай.

Як даведаліся праваабаронцы, 16 верасьня пракурор запрасіў для Анатоля Латушкі 6 гадоў калёніі, для Алены Маліноўскай — 4 гады калёніі, для Ліліі Ананян — 3 гады «хатняй хіміі».

Іх затрымалі 31 студзеня за маляваньне па трафарэце на паштовых скрынях у пад’ездах жылога дома герба «Пагоня» і зьмясьцілі пад варту. Цяпер іх судзяць агулам па пяці артыкулах Крымінальнага кодэксу за распаўсюд улётак да рэфэрэндуму, удзел у Маршы, маляваньне «Пагоні», спаленьне дзяржаўнага сьцягу.

Прысуд 20 верасьня ў 10:00 абвесьціць судзьдзя Дзьмітры Карсюк.

Анатоль Латушка — стрыечны брат палітыка Паўла Латушкі. На самога Паўла Латушку завялі крымінальныя справы па 8 артыкулах. Таксама Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў завёў крымінальную справу ў дачыненьні да дачкі Паўла Латушкі Яны, яе кватэра арыштаваная.

Палітвязьня, які адбывае тэрмін на «хіміі» па «справе карагодаў», асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Палітвязьня Сяргея Ярошкіна 5 верасьня перавялі з ПУАТ-39 у гомельскую «хімію», паведамляе «Гомельская Вясна». Прычыну не паведамілі, а проста раніцай звольнілі з працы і далі паўгадзіны, каб сабраць рэчы, а потым на машыне перавезьлі ў новую папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Празь 10 дзён у судзе Савецкага раёна Гомля над ім адбыўся суд паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Справу разглядаў судзьдзя Аляксандар Мохараў. Вынік і прычыны невядомыя.

23 жніўня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу № 39 у Крупках, дзе Сяргей да верасьня адбываў тэрмін, прыяжджалі супрацоўнікі АМАПу і зьбівалі «палітычных» кулакамі і дубінкамі. Прычыны такой увагі да людзей, асуджаных да «хіміі» па палітычных матывах, невядомыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG