Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Казахстане пазбаўляюцца спадчыны Назарбаева: забаранілі прэзыдэнтам балятавацца зноў, вярнулі старую назву сталіцы


На плошчы ў сталіцы Казахстану Астане
На плошчы ў сталіцы Казахстану Астане

«Народ не прыняў новай назвы сталіцы»,— лічаць новыя ўлады Казахстану.

Дэпутаты абедзьвюх палат парлямэнту Казахстану увялі абмежаваньне прэзыдэнцтва адным сямігадовым тэрмінам. Папраўкі накіравалі на подпіс прэзыдэнту Касым-Жамарту Такаеву, які раней ухваліў гэтыя зьмены.

У законапраекце аб папраўках да Канстытуцыі краіны ўказана, што прэзыдэнцкі тэрмін павялічыцца зь пяці да сямі гадоў, а права быць выбраным скароцяць да аднаго тэрміна. Тэрмін паўнамоцтваў судзьдзяў Канстытуцыйнага суду павялічыцца да васьмі гадоў, права перавыбраньня таксама абмяжуюць.

Прэзыдэнтам Казахстану змогуць быць толькі 7 гадоў

У пачатку верасьня Такаеў прапанаваў правесьці датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары восеньню 2022 году. Чарговыя выбары прэзыдэнта мусілі адбыцца ў 2024 годзе. Такаеў тады заявіў, што гатовы скараціць тэрмін сваіх паўнамоцтваў і пайсьці на пазачарговыя прэзыдэнцкія выбары.

«Я шмат думаў і прыйшоў да высновы, што неабходна перагледзець колькасьць і працягласьць тэрміну паўнамоцтваў прэзыдэнта. Я рэкамэндую абмежаваць тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў адным тэрмінам у 7 гадоў. Перавыбраньне будзе забаронена», — заявіў Касым-Жамарт Такаеў.

Прэзыдэнт Казахстан Такаеў
Прэзыдэнт Казахстан Такаеў

Імя Назарбаева забяруць у сталіцы краіны

Дэпутаты абедзьвюх палат парлямэнту Казахстану, верхняй (Сэнату) і ніжняй (Мажылісу), прагаласавалі за перайменаваньне сталіцы краіны з Нур-Султана назад у Астану, перадае Tengrinews.kz.

Па словах дэпутата Мажылісу Жанарбека Ашымжанава, казахі не адмаўляюць заслуг перад краінай першага прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева, у гонар якога раней была перайменаваная Астана.

«Прысваеньне ў сталіцы яго імя міжнароднаму аэрапорту, некалькім помнікам, паркам, навучальнай установе — гэта праява павагі. Галоўнае патрабаваньне народу — вярнуць ранейшую назву сталіцы Астана, якая ў свой час была прысвоена ім», — сказаў ён.

Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў таксама падтрымаў ініцыятыву дэпутатаў парлямэнту перайменаваць сталіцу краіны назад у Астану. Пра гэта напісаў у фэйсбуку прэс-сакратар Такаева Руслан Жэлдзібай.

«Прапанова парлямэнтарыяў уключаная ў праект Канстытуцыйнага закону са згоды кіраўніка дзяржавы», — паведаміў Руслан Жэлдзібай.

Ён зазначыў, што Такаеў «лічыць гістарычным фактам вырашальную ролю Нурсултана Назарбаева ва ўмацаваньні сучаснай дзяржаўнасьці Казахстану і станаўленьні сталіцы». Таму іншыя аб’екты, названыя ў гонар Назарбаева, павінны захаваць свае назвы.

Аб прапанове групы дэпутатаў ніжняй палаты парлямэнту Казахстану вярнуць сталіцы назву Астана стала вядома на пачатку верасьня.

«Лічым няправільным, калі пры жыцьці чалавека яго імем называецца горад. Да таго ж народ не прыняў новую назву сталіцы», — заявілі дэпутаты.

На іх думку, вярнуць ранейшую назву будзе «гістарычна справядлівым» рашэньнем. У 1998 годзе назву «Астана» прапанаваў сам Нурсултан Назарбаеў — такім чынам яго ўнёсак «у станаўленьне і разьвіцьцё галоўнага гораду краіны» будзе ўлічаны, мяркуюць дэпутаты.

Астана. Будынак Назарбаеў Універсытэту
Астана. Будынак Назарбаеў Універсытэту

Сталіцу Казахстану перайменавалі з Астаны ў Нур-Султан у сакавіку 2019 году, пасьля таго як адпаведную прапанову Такаеў зрабіў у сваёй інаўгурацыйнай прамове.

У студзені 2022 году ў Казахстане прайшлі масавыя пратэсты, першапачаткова з патрабаваньнем зьніжэньня цэнаў на паліва. Пасьля да іх дадаліся і палітычныя лёзунгі. Адным з папулярных стаў «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!») — патрабаваньне сыходу Назарбаева з улады.

Улетку 2022 году ў Казахстане прайшоў рэфэрэндум аб папраўках да Канстытуцыі. Зьмены ў Асноўным законе падтрымалі больш за 77% грамадзян. У выніку, сярод іншага, з тэксту Канстытуцыі прыбралі ўсе згадкі пра Назарбаева як лідэра нацыі, ці «елбасы».

5 чэрвеня 2022 году ў Казахстане правялі рэфэрэндум адносна паправак да Канстытуцыі. Гэта быў першы выпадак у гісторыі краіны, калі зьмены ў асноўны закон уносіліся шляхам правядзеньня агульнанацыянальнага галасаваньня. Акрамя пераходу ад супэрпрэзыдэнцкай формы кіраваньня да прэзыдэнцкай з моцным парлямэнтам, у Канстытуцыю ўнесьлі новую норму — сваякам прэзыдэнта з гэтага часу забаронена займаць высокія дзяржаўныя пасады.

Палажэньне пра асаблівую ролю першага прэзыдэнта выключылі з Канстытуцыі. Апроч гэтага, зьявіўся пункт, паводле якога зямля і яе нетры перайшлі ва ўласнасьць народу. Заснавалі Канстытуцыйны суд. Папраўкі ўступілі ў сілу з моманту абвяшчэньня вынікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG