Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Казахстане адкрыўся Зьезд лідэраў сусьветных рэлігіяў. Папа Рымскі там сустрэўся зь перасьледаваным беларускім ксяндзом


Папа Францішак і прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў
Папа Францішак і прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў

Кіраўнік РПЦ патрыярх Маскоўскі Кірыл у Казахстан не прыляцеў. Ягоную царкву прадстаўляе дэлегацыя, куды ўваходзіць і кіраўнік беларускага экзархату РПЦ.

14 верасьня 2022 году ў сталіцы Казахстану Aстане адкрыўся Зьезд лідэраў сусьветных і традыцыйных рэлігіяў, які праводзяць ужо сёмы раз. У форуме ўдзельнічае дэлегацыя Расейскай праваслаўнай царквы (РПЦ), у якую ўключылі патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі Веньяміна.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў зьезду зьвярнуўся прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў, які, заявіўшы аб «агульнай зацікаўленасьці ў захаваньні міру і ўмацаваньні міжцывілізацыйнага дыялёгу», адзначыў:

«У эпоху перамен і няпэўнасьці сёньняшняя сустрэча набывае асаблівае значэньне. У сучасных складаных рэаліях вельмі важна, што рэлігійныя лідэры, седзячы за адным сталом, дэманструюць усяму сьвету прыклад добрай волі, якая пераадольвае любыя рознагалосьсі. У гэтым, на мой погляд, заключаецца галоўная місія і адметнасьць нашага Зьезду».

Кіраўнік Каталіцкай царквы папа Рымскі Францішак нагадаў, што адзіны шлях да міру — гэта дыялёг. Заклік у сувязі з вайной ва Ўкраіне і абвастрэньнем сытуацыі на Каўказе ён скіраваў пасьля сьвятой імшы ў Aстане, перадае Радыё Ватыкан.

«Я думаю пра многія месцы, зьнясіленыя вайной, асабліва пра дарагую Ўкраіну. Давайце ня будзем прызвычайвацца да вайны, давайце ня будзем скарацца перад яе непазьбежнасьцю, давайце прыйдзем на дапамогу тым, хто пакутуе, і давайце будзем настойваць на спробах, па-сапраўднаму накіраваных на дасягненьне міру. Што яшчэ павінна здарыцца, колькі сьмерцяў трэба яшчэ чакаць, перш чым канфрантацыя саступіць месца дыялёгу на карысьць людзей, народаў і чалавецтва? Адзінае выйсьце — гэта мір, а адзіны шлях да яго — гэта дыялёг», — сказаў пантыфік.

Таксама папа Францішак сустрэўся ў Казахстане зь беларускім сьвятаром, якога перасьледуюць улады Беларусі, піша «Хрысьціянская візія». У сталіцы Казахстану папа Рымскі пагутарыў зь віцебскім ксяндзом Віктарам Жуком.

Гутарка адбылася ў межах сустрэчы папы зь езуітамі, якія нясуць служэньне ў постсавецкім рэгіёне.

Ксёндз Віктар Жук быў затрыманы ў Віцебску 8 сьнежня 2020 году разам з грэка-каталіцкім сьвятаром Аляксеем Варонкам і іх сябрам — вернікам Аляксеем Караковым. 9 сьнежня адбыўся суд па арт. 23.34 КаАП, але справу адправілі на дапрацаваньне. На паўторным судзе напярэдадні Калядаў 24 сьнежня судзьдзя Міхаіл Юрчанка вынес усім траім папярэджаньне. Падтрымаць іх тады прыйшлі каля сарака чалавек, у тым ліку біскуп Алег Буткевіч.

Віктар Жук заклікаў пісаць лісты палітвязьням, якіх перасьледуе рэжым Aляксандра Лукашэнкі. У Беларусі пасьля 2020 году поруч з ганеньнямі на іншых людзей узмацніўся і перасьлед сьвятароў і актыўных вернікаў. Некаторыя зь іх вымушаныя былі пакінуць краіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG