Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчына, якая правяла антываенную акцыю на лінейцы ў Наваполацку, дасюль за кратамі. У яе непаўналетняе дзіця


Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што Ганна Тукава, якая 1 верасьня падчас лінейкі ў гімназіі № 1 гораду Наваполацку зладзіла антываенную акцыю, дасюль знаходзіцца за кратамі.

У Ганны Тукавай ёсьць непаўналетняе дзіця. Згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных парушэньнях, адміністрацыйны арышт ня можа ўжывацца да жанчын зь непаўналетнімі дзецьмі. Іх нават ня могуць затрымліваць больш, чым на тры гадзіны. Але насуперак закону Тукаву ўтрымліваюць за кратамі ўжо тыдзень, адзначаюць праваабаронцы.

Вядома, што на яе склалі яшчэ адзін пратакол за «экстрэмізм».

Учора над Ганнай Тукавай зноў адбыўся суд паводле арт. 19.11 КаАП за падпіску ў «Вконтакте» на два «экстрэмісцкія» каналы. Судзьдзя Зінаіда Балаболава прызначыла ёй 960 рублёў штрафу (30 базавых велічыняў).

Першы раз Ганну асудзілі 5 верасьня, тады ёй таксама прызначылі штраф, але на волю яна так і ня выйшла — склалі яшчэ адзін пратакол.

1 верасьня падчас падчас лінейкі ў гімназіі № 1 Наваполацку выступілі пераапранутыя ў форму дзеці з вайскова-патрыятычнага клюба — са зброяй і чырвоным сьцягам. У сярэдзіне выступу Ганна Тукава стала перад імі, паказваючы рукой знак V (жэст, які выкарыстоўваўся для абазначэньня перамогі падчас Другой сусьветнай вайны; у ЗША ў ходзе пратэстаў супраць вайны ў Віетнаме ў 1960-я гады, а пазьней і зь іншых нагодаў, актывісты ўжывалі гэты жэст як знак міру).

Акцыя доўжылася некалькі хвілін. Да жанчыны падышлі супрацоўнікі школы, а потым і міліцыянт, які павёў яе ў невядомым кірунку. Сышла яна пад воплескі.

Як даведалася «Наша Ніва», Ганне 40 гадоў. Яна працуе прадаўцом-кансультантам. 1 верасьня Ганна павяла на лінейку сваю дачку-сяміклясьніцу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG