Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зачытваў Статкевіч, сярод падпісантаў Шэйман. Сем фактаў аб прысязе на вернасьць Беларусі 8 верасьня 1992 году


 Прысяга вайскоўцаў і афіцэраў запасу, 8 верасьня 1992
Прысяга вайскоўцаў і афіцэраў запасу, 8 верасьня 1992

8 верасьня 1992 году на плошчы перад Домам ураду ў Менску адбылася арганізаваная Беларускім Народным Фронтам і Беларускім згуртаваньнем вайскоўцаў сымбалічная прысяга вайскоўцаў запасу на вернасьць Беларусі.

Рэакцыя на бязьдзейнасьць кіраўніцтва краіны

Чаму прысяга адбылася толькі больш як праз год пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі і чаму яна не была арганізаваная дзяржавай?

Нягледзячы на тое, што яшчэ ўвосень 1991-га Вярхоўны Савет прыняў рашэньне аб стварэньні Міністэрства абароны і разьмешчаныя на тэрыторыі краіны войскі перайшлі пад юрысдыкцыю Беларусі, кіраўніцтва Савету Міністраў не жадала прыводзіць да прысягі афіцэрскі склад Узброеных сілаў.

Адрозна ад Украіны, дзе вайскоўцы пачалі прыводзіцца да прысягі ў студзені 1992-га, у Беларусі прысягу прынялі салдаты вясновага прызыву 1992-га. Пры гэтым узьнікла абсурдная сытуацыя, калі салдатамі і сяржантамі, якія прысягнулі на вернасьць народу Беларусі, камандавалі афіцэры і генэралы, якія такой прысягі не давалі.

Ня быў прыведзены да прысягі і поўны склад Міністэрства абароны, у тым ліку і міністар.

Некаторыя афіцэры заяўлялі, што прысягалі на вернасьць СССР і, як яны казалі, «перапрысягаць» незалежнай Беларусі ня маюць намеру.

Патрабаваньні дэпутатаў БНФ прывесьці афіцэраў да прысягі, выказаныя на сэсіі Вярхоўнага Савету, ігнараваліся.

Прысяга на вернасьць Беларусі. 1992 год
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:51 0:00

У такой сытуацыі кіраўніцтва БНФ разам з кіраўніцтвам Беларускага Згуртаваньня вайскоўцаў (БЗВ) вырашыла правесьці сымбалічную прысягу, выбраўшы для гэтага 8 верасьня — дзень перамогі ў Аршанскай бітве 1514 году (Дзень беларускай вайсковай славы).

Для правядзеньня масавага мерапрыемства ў той час было дастаткова заявы дэпутатаў Вярхоўнага Савету ў мясцовы орган улады (гарвыканкам) пра арганізацыю сустрэчы з выбарнікамі. Заявы мелі паведамляльны характар, таму практычна ўсе масавыя акцыі, аж да рок-канцэртаў на плошчах, праходзілі па такіх заявах дэпутатаў Апазыцыі БНФ.

Васіль Быкаў сярод ганаровых гасьцей

8 верасьня 1992 сцэна на плошчы перад Домам ураду была аформленая партрэтамі славутых беларускіх ваяроў. Луналі дзяржаўныя бел-чырвона-белыя сьцягі. Прысутнічалі вэтэраны вайны з нацызмам, у тым ліку Васіль Быкаў і Артур Вольскі, народныя дэпутаты Беларусі Галіна Сямдзянава і Вольга Галубовіч, лідэры дэмакратычных партый.

Васіль Быкаў, Анатоль Грыцкевіч, Зянон Пазьняк, Вольга Галубовіч, Артур Вольскі 8 верасьня 1992
Васіль Быкаў, Анатоль Грыцкевіч, Зянон Пазьняк, Вольга Галубовіч, Артур Вольскі 8 верасьня 1992

Выступіў старшыня БНФ і парлямэнцкай апазыцыі Зянон Пазьняк, які патлумачыў важнасьць прыняцьця прысягі.

Перад сцэнай выйшлі дзейныя афіцэры і афіцэры запасу – дэпутаты Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце.

Першыя былі ў параднай форме — гэта Ўладзімер Барадач, Алесь Станкевіч, Мікола Бірукоў, Леанід Балвановіч, Алесь Кулеш, Валер Костка, Уладзімер Савінок, Аляксандар Бобыр, Міхась Варанец, Кастусь Шыманец, Жорж Харахноў. Дэпутаты былі ў цывільным — Лявон Баршчэўскі, Ігар Гермянчук, Лявон Дзейка, Віктар Какоўка, Сяргей Навумчык, Сяргей Папкоў, Ігар Пырх.

На плошчы былі сотні вайскоўцаў запасу і ў адстаўцы, у форме і ў цывільным. Усяго сабралася некалькі тысяч чалавек.

Пад палянэз Агінскага і сьпеў хору «Унія»

Прысягу зачытаў старшыня БЗВ Мікола Статкевіч, прысутныя паўтаралі за ім:

«Я, грамадзянін Беларусі, паступаючы на вайсковую службу, прысягаю на вернасьць Рэспубліцы Беларусь і яе народу. Клянуся сьвята выконваць Канстытуцыю і законы Рэспублікі Беларусь, вайсковыя статуты, загады камандзіраў і начальнікаў, высока несьці гонар і годнасьць воіна, не шкадуючы жыцьця, абараняць народ і дзяржаўныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь. Абавязуюся праходзіць вайсковую службу ў любым месцы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ці за яе межамі, куды мяне накіруе ўрад Рэспублікі Беларусь. Калі ж я парушу прынятую мной вайсковую прысягу, то гатовы несьці адказнасьць, устаноўленую законамі Рэспублікі Беларусь».

Мікола Статкевіч дае прыцягу на подпіс вайскоўцам і афіцэрам запасу
Мікола Статкевіч дае прыцягу на подпіс вайскоўцам і афіцэрам запасу

Пад палянэз Агінскага Статкевіч падыходзіў да афіцэраў у параднай форме і дэпутатаў, кожны напісаў сваё прозьвішча і расьпісаўся. Сьпяваў хор «Унія». Паставілі подпісы пад прысягай і салдаты, і афіцэры запасу, якія былі на плошчы.

Адзін з апошніх выступаў Міхася Ткачова

Перад удзельнікамі цырымоніі выступіў доктар гістарычных навук, галоўны рэдактар «Беларускай энцыкляпэдыі», старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Міхась Ткачоў. Ён нагадаў імёны выбітных беларускіх ваяроў, у тым ліку і пераможцы бітвы пад Воршай Канстанціна Астроскага.

Гэта было адно з апошніх публічных зьяўленьняў Міхася Ткачова — менш чым праз два месяцы ён памрэ ад цяжкай хваробы.

Міхась Ткачоў на мітынгу, пачатак 1992-га
Міхась Ткачоў на мітынгу, пачатак 1992-га

Афіцэры КДБ прысягалі пад бел-чырвона-белым сьцягам

Пасьля прысягі 8 верасьня ў лістападзе 1992 году Вярхоўны Савет Беларусі быў вымушаны прыняць пастанову, якой зацьвердзіў новы тэкст вайсковай прысягі і абавязаў прывесьці 31 сьнежня 1992 году да прысягі ўвесь асабісты склад Узброеных сілаў, памежных і ўнутраных войскаў і асабісты склад КДБ.

Прысяга Ўзброеных сілаў, памежных і ўнутраных войскаў, а таксама КДБ праходзіла на дзяржаўнай беларускай мове пад дзяржаўным бел-чырвона-белым сьцягам.

Парад у беларускай вайсковай частцы, пачатак 1990-х
Парад у беларускай вайсковай частцы, пачатак 1990-х

Звальненьне, раньняя сьмерць, турма, эміграцыя

Практычна ўсе дзейныя афіцэры, якія прымалі прысягу на вернасьць Беларусі, былі звольненыя зь беларускага войска на распараджэньне старшыні Савету міністраў Вячаслава Кебіча загадам міністра абароны Паўла Казлоўскага.

Некалькі чалавек памерлі (падпалкоўнік Мікола Бірукоў, дэпутаты Ігар Гермянчук, Ігар Пырх, Лявон Дзейка). Некалькі разоў быў асуджаны за палітычную дзейнасьць і цяпер знаходзіцца за кратамі Мікола Статкевіч. Уладзімер Барадач і Ўладзімер Савінок — у эміграцыі.

Для Шэймана ў падпісным лісьце зрабілі асобную графу

Сярод тых амаль двух дзясяткаў чалавек, якія прымалі прысягу перад трыбунай, часам называюць Віктара Шэймана, аднаго з найбліжэйшых паплечнікаў Лукашэнкі.

Насамрэч за Шэймана на фота і відэахроніцы памылкова прымаюць вонкава падобнага да яго падпалкоўніка Мікалая Бірукова. Ні ў радзе перад трыбунай, ні сярод афіцэраў у параднай форме, ні сярод дэпутатаў Шэймана не было.

Тым ня менш подпіс Шэймана сапраўды стаіць на тым самым аркушы, які падпісалі дзейныя афіцэры, уключна са Статкевічам, але ў канцы, пры гэтым для яго адмыслова была зробленая 15-я па ліку графа (блянк быў надрукаваны з 14 графамі).

Застаецца невядомым, ці 8 верасьня 1992 году Шэйман паставіў свой подпіс.

У 1992 годзе Шэйман быў дэпутатам Вярхоўнага Савету і сакратаром Камісіі ВС па абароне, нацыянальнай бясьпецы і барацьбе са злачыннасьцю (узначальваў камісію Мечыслаў Грыб). Шэйман уваходзіў у склад БЗВ, старшыня арганізацыі Статкевіч часам зьвяртаўся да яго па дапамогу як да аднаго з кіраўнікоў камісіі.

Віктар Шэйман шмат гадоў знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу як падазраваны ў датычнасьці да зьнікненьня Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі і Дзьмітрыя Завадзкага.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG