Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зброю жыхароў Маямі перададуць Украіне

Выкупіць зброю ў жыхароў Маямі і адправіць яе ва Ўкраіну ў дапамогу паліцыі і абаронцам краіны — з такой прапановай выступілі ўлады амэрыканскага гораду ў чэрвені.

Цягам лета ў горадзе прайшло адразу некалькі мерапрыемстваў пад назвай «Gun Buyback».

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Мы прапануем жыхарам добраахвотна здаць зброю, якая ім не патрэбная, за сымбалічную плату. Такіх мерапрыемстваў было ўжо некалькі, унікальнасьць апошніх „Gun Buyback“ у тым, што сабраную зброю мы адправім нашаму гораду-пабраціму ва Ўкраіне. Так мы вырашаем адразу дзьве праблемы: у некаторых людзей у доме захоўваецца зброя, якая ім не патрэбная, напрыклад, засталася ад памерлага сваяка, а ў доме дзеці, і людзі ня ведаюць, што зь ёю рабіць. А таксама многія нашыя жыхары хочуць дапамагчы Ўкраіне. Таму мы прыдумалі гэтую канцэпцыю, каб вырашыць адразу дзьве задачы адначасова», — расказвае Кен Расэл, чалец гарадзкой рады Маямі.

Горад-пабрацім Маямі, куды адправіцца сабраная ў жыхароў зброя, — Ірпень, украінскі горад непадалёк ад Кіева.

«Гэта горад-герой, які адыграў важную ролю ў стрымліваньні расейскіх сілаў, якія спрабавалі ўвайсьці ў Кіеў. Мэр Ірпяня быў вельмі адкрыты для гэтай ідэі», — камэнтуе чыноўнік.

У ініцыятыве па выкупе і зборы агнястрэльнай зброі ўзялі ўдзел ня толькі жыхары Маямі, але і паліцыя гораду.

«Размова ідзе ў тым ліку і пра зброю, канфіскаваную з вуліц Маямі нашымі сьмелымі паліцыянтамі, якую мы плянавалі зьнішчыць і якая больш не зьяўляецца доказам», — патлумачыў Мануэль Маралес, шэф паліцыі Маямі.

«Мы выкупілі падчас апошняй акцыі ў жыхароў 70 адзінак зброі, таксама ў паліцыі каля 170 адзінак канфіскаванай падчас расьсьледаваньня злачынстваў зброі са складу ў Маямі. Усю спраўную зброю, якая адпавядае крытэрам і мае патрэбныя калібры, мы адправім гарадзкой паліцыі ва Ўкраіне», — дадаў Кен Расэл.

У Твітэры разгарэліся сапраўдныя дэбаты наконт адпраўкі зброі за мяжу. Некаторыя амэрыканцы цікавіліся, ці законна гэтак перадаваць зброю і як яна трапіць ва Ўкраіну. Кен Расэл перакананы, што «Ўкраіна — саюзьнік, яе народ у вельмі складанай сытуацыі. З нашага боку гэта ня акт фэдэральнага ўраду. Гэта адзін горад спрабуе дапамагчы іншаму гораду. Ва ўкраінскай паліцыі мала зброі, у Ірпяні ім патрэбныя АК-47, вінтоўкі тыпу AR-15 і пісталеты. У нас яны ёсьць, і мы можам іх хутка адправіць, як толькі канчаткова заключым дамоўленасьці аб адносінах гарадоў-пабрацімаў».

За пісталеты жыхарам дарылі карты на суму 50 даляраў, за стрэльбы — 100 даляраў, а за штурмавыя вінтоўкі — 150 даляраў.

XS
SM
MD
LG