Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканская выведка: Расея купіла боепрыпасы ў Паўночнай Карэі

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Амэрыканская выведка паведаміла аб закупцы Расеяй артылерыйскіх снарадаў і некіравальных ракет у КНДР. Інфармацыя аб гэтым зьмяшчаецца ў рассакрэчаным дакладзе, які апынуўся ў распараджэньні рэдакцыі The New York Times.

Прадугледжваецца, што закупкі могуць азначаць няздольнасьць расейскай прамысловасьці самастойна кампэнсаваць патрачаныя ва Ўкраіне боепрыпасы.

КНДР валодае адной з найбуйнейшых у сьвеце груповак артылерыі, робячы стаўку на артудары па разьмешчанай побач зь мяжой сталіцы Паўднёвай Карэі Сэуле ў патэнцыйнай вайне паміж краінамі. Большасьць узораў паўночнакарэйскіх гармат выкарыстоўваюць снарады калібру, ідэнтычнага савецкай, а значыць і расейскай, артылерыі.

Расея валодае значнай перавагай у колькасьці артылерыйскіх сыстэм перад украінскім войскам, у той жа час гэта азначае маштабныя марнаваньні снарадаў. Па падліках аналітычнага Jamestown Foundation, за першыя пяць месяцаў вайны Расея магла выкарыстоўваць да 735 тысяч тон артылерыйскіх снарадаў. За год армія можа патраціць снарады на 50 мільярдаў даляраў, ацанілі аналітыкі. Гэтыя ацэнкі ня ўлічваюць рэгулярныя ўдары ўкраінскай арміі па расейскіх вайсковых складах.

У артыкуле The New York Times аналітык выказаў думку, што закупкі ў КНДР паказваюць, што Ўладзімір Пуцін ня можа ці ня хоча мабілізаваць эканоміку для вайны, каб кампэнсаваць гэтыя выдаткі. Па адзнацы Jamestown Foundation, Расея магла выдаткаваць да паловы назапашаных да вайны артылерыйскіх боепрыпасаў. Раней СМІ паведамлялі, што запасы заканчваюцца і ў краін былога савецкага блёку, якія прадаюць снарады або Расеі, або Ўкраіне.

XS
SM
MD
LG