Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску затрымалі сьвятара, які галадаў у падтрымку Лосіка, маліўся за Бандарэнку і выступаў супраць вайны ва Ўкраіне


Менская духоўная акадэмія, ілюстрацыйнае фота
Менская духоўная акадэмія, ілюстрацыйнае фота

Затрымлівалі айца Ўладзіслава Багамольнікава брутальна, ГУБАЗіК выламаў дзьверы ў ягонай кватэры. Цяпер яго трымаюць у турме на Акрэсьціна.

Пра затрыманьне праваслаўнага сьвятара Ўладзіслава Багамольнікава паведаміў тэлеграм-канал «Хрысьціянская візія».

Уладзіслаў Багамольнікаў — клірык прыходу менскага храма Богаяўленьня, загадчык Царкоўна-гістарычнага музэя Беларускай праваслаўнай царквы, сябра Эпархіяльнага суду Менскай эпархіі.

Гэты сьвятар вядомы як прыхільнік пераменаў у Беларусі. Ён абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязьня журналіста Свабоды Ігара Лосіка, а таксама на «плошчы Перамен» у Менску служыў літыю па забітым мастаку Раману Бандарэнку.

Пасьля нападу Расеі на Ўкраіну Ўладзіслаў Багамольнікаў быў сярод праваслаўных сьвятароў, якія выступілі са зваротам супраць вайны.

Галадоўка айца Ўладзіслава

Уладзіслаў Багамольнікаў аб сваёй галадоўцы салідарнасьці зь Ігарам Лосікам заявіў 19 студзеня 2021 году:

«Я, Уладзіслаў Багамольнікаў, далучаюся да галадоўкі Ігара Лосіка. Пляную працягваць, пакуль гэта робіць ён. Калі здарыцца непапраўнае, паспрабую пратрымацца столькі ж дзён, колькі пратрымаўся Ігар. Спадзяюся, што да гэтага ня дойдзе і яму заменяць меру стрыманьня на хатні арышт. Або ён сам адмовіцца ад задумкі, калі даведаецца, што цяпер гаворка ня толькі пра ягонае ўласнае здароўе», — напісаў Уладзіслаў Багамольнікаў.

Сьвятар дадаў, што ў яго ёсьць асабістыя палітычныя погляды, але сам ён лічыць, што Ігар Лосік робіць памылку.

«Яго жэст маглі б ацаніць, але не ў кіраўніцтве нашай краіны. Іх дзеяньні пераканалі б мяне хутчэй, чым словы. Я ўпэўнены, што ўсе людзі могуць мяняцца. І той чыноўнік, ад каго зараз залежыць лёс Ігара, можа ўзяць на сябе адказнасьць за яго жыцьцё або пакінуць пасаду, каб ня браць адказнасьць за іншы варыянт. І перад тым, хто яго зьменіць, будзе стаяць той жа выбар. Сёньня я напісаў Ігару ліст. Ня буду адгаворваць яго, але паведамлю пра сваё рашэньне. Хай ён зробіць, як палічыць патрэбным», — адзначыў у студзені 2021 году Уладзіслаў Багамольнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG