Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны ЭЗ дамовіліся сумесна навучаць украінскіх вайскоўцаў


Краіны Эўрапейскага Зьвязу дамовіліся стварыць адмысловую місію для падрыхтоўкі ўкраінскіх вайскоўцаў.

Аб гэтым заявіў Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у зьнешняй палітыцы і бясьпецы Жузэп Бурэль на нефармальнай сустрэчы міністраў абароны краінаў ЭЗ, якая праходзіць у Празе.

«Размова ня толькі аб баявых дзеяньнях, але і ў цэлым аб тым, як вядзецца вайна, менавіта гэтаму будуць навучаць вайскоўцаў», — удакладніў па выніках перагавораў Бурэль.

Паводле яго слоў, многія краіны ЭЗ ужо дапамагаюць Украіне навучаць або перападрыхтоўваць салдат, таму насьпела неабходнасьць кансалідаваць намаганьні для іх лепшай каардынацыі.

Падрабязнасьці аб тым, як будзе працаваць спэцыяльная місія, кіраўнік дыпляматыі ЭЗ не ўдакладніў. Прадугледжваецца, што ўкраінскія вайскоўцы будуць праходзіць навучаньне ў суседніх краінах — членах ЭЗ.

Ідэю Бурэля падтрымліваюць усе ўдзельнікі пражскай сустрэчы. Напярэдадні міністар абароны Люксэмбургу Франсуа Баўш усумніўся ў тым, ці правільны гэта спосаб аказаньня дапамогі. Баўш выступае за перамовы ў гэтым пытаньні на двухбаковым узроўні пры агульнай каардынацыі з боку ЭЗ. Падобнага меркаваньня прытрымліваецца кіраўнік Міністэрства абароны Аўстрыі Клаўдыя Танэр.

  • Акрамя таго, на сустрэчы ў Празе, куды таксама прыехалі кіраўнікі МЗС краінаў ЭЗ, абмяркуюць візавыя абмежаваньні для грамадзянаў Расеі і Беларусі. Украіна, шэраг краінаў Балтыі, Польшча і Нідэрлянды выступаюць за ўвядзеньне поўнай забароны на выдачу віз. Нямеччына і Францыя выступаюць за адмену спрошчанага візавага рэжыму, што прывядзе да падаражаньня шэнгенскай візы і павелічэньня тэрмінаў яе атрыманьня для расейцаў і беларусаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG