Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва завяршыла пабудову фізычнага бар’еру на мяжы зь Беларусьсю. Агароджа і калючы дрот расьцягнуліся на 500 км


Мігранты. Ілюстрацыйнае фота
Мігранты. Ілюстрацыйнае фота

Пра гэта паведамляе балтыйскае інфармацыйнае агенцтва BNS.

Агульная працягласьць літоўска-беларускай мяжы складае 679 кілямэтраў, больш за 100 км праходзіць па берагах рэк і азёр. Агароджа і калючы дрот цяпер расьцягнуліся на 502 км.

У кампаніі EPSO-G, якой было даручана ўзвесьці бар'ер, заявілі, што спэцыялісты ліквідуюць дробныя дэфэкты і рыхтуюць праект да прадстаўленьня ўрадавай камісіі, якая мусіцьпрыбыць 29 жніўня.

Будаўніцтва фізычнага барʼеру стала адказам Літвы на міграцыйны крызіс, які пачаўся летась пры падтрымцы беларускіх уладаў.

У 2021 годзе з боку Беларусі на літоўскую тэрыторыю незаконна праніклі амаль 4,2 тысячы мігрантаў. Летась у жніўні памежнікі перасталі затрымліваць нерэгулярных мігрантаў і сталі вяртаць іх назад у Беларусь. З таго часу на літоўскую тэрыторыю не прапусьцілі звыш 13 тысяч чалавек.

Міграцыйны крызіс на граніцы Беларусі і краін ЭЗ пачаўся летась вясной. Спачатку шматразовае павелічэньне колькасьці нерэгулярных мігрантаў адчула Літва. Пасьля таго як Вільня вырашыла не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, замежнікі пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.
Да пачатку вайны ва Ўкраіне плынь мігрантаў істотна скарацілася, але праз нейкі час зноў пачала расьці.

Паводле кіраўніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустама Любаева, быў пастаўлены рэкорд 2022 году — за суткі ў Літву не ўпусьцілі больш за 100 чалавек, і такой колькасьці мігрантаў на беларуска-літоўскай мяжы не было даўно. Цяпер літоўскія памежнікі фіксуюць штодзень каля 60–70 выпадкаў спробы незаконнага перасячэньня мяжы мігрантамі.

Таксама мігранты працягваюць спробы незаконна трапіць зь Беларусі на тэрыторыю Польшчы, нягледзячы на будаўніцтва 180-кілямэтровага плота на мяжы. Толькі за ліпень польскія ўлады зафіксавалі 914 спробаў нелегальнага перасячэньня беларуска-польскай мяжы.

Мігранты спрабуюць пералезьці праз плот на тых участках, дзе зьверху на ім яшчэ няма калючага дроту. Таксама памежная служба паведамляе пра спробы мігрантаў перапраўляцца праз рэкі, ёсьць і паведамленьні аб падкопах.

Паводле польскіх уладаў, апошнім часам «партрэт» мігранта, які спрабуе трапіць зь Беларусі ў Польшчу, зьмяніўся. Цяпер гэта ў асноўным выхадцы з краінаў Афрыкі, а не краінаў Блізкага Усходу, як было год таму, паказвае статыстыка памежнай службы Польшчы. Пры гэтым многія зь мігрантаў прыяжджаюць у Беларусь з Расеі, дзе ўжо знаходзіліся працяглы час і мелі расейскія візы, выдадзеныя для працы ці вучобы. У Варшаве лічаць, што расейскія ўлады палягчаюць ім працэдуру атрыманьня візаў.

Мігранцкі крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG