«Па пытаньнях адкліканьня/ануляваньня раней адпраўленых праз банк грашовых пераводаў празь „Юністрым“ трэба зьвяртацца ў пункты адпраўкі/выдачы пераказаў сыстэмы, сьпіс якіх разьмешчаны на яе сайце», — рэкамэндавалі ў «Белгазпромбанку».
Раней аналягічнае рашэньне прынялі «Банк Дабрабыт» і «Парытэтбанк».
Паводле зьвестак Нацыянальнага банку, за другі квартал агульная сума грашовых пераводаў у Беларусь празь міжнародныя сыстэмы (у тым ліку «Юністрым») склала 115 млн 245 тыс. 842,24 даляра (у эквіваленце) — у 1,59 раза больш, чым у студзені-сакавіку.
Раней «Юністрым» лічылася адной з найбуйнейшых і найбольш папулярных у суседняй Расеі сыстэм грашовых пераказаў, якая стала самастойнай банкаўскай арганізацыяй у 2006 годзе.
У ліпені кліенты пачалі скардзіцца на праблемы з атрыманьнем і вяртаньнем грошай. Стала вядома, што як мінімум восем замежных банкаў — партнэраў сыстэмы завілі пра спыненьне супрацоўніцтва зь ёй. Акрамя беларускіх гаворка ішла пра банкі «Іпак Уйлі» (Узбэкістан), Energbank, Moldindconbank, Maib (Малдова), «Фрыдам фінанс банк», «Нурбанк» (Казахстан).
«Белгазпромбанк» — адзін з найбуйнейшых камэрцыйных банкаў Беларусі. У чэрвені 2020 года большасьць членаў яго праўленьня былі затрыманыя, у банку была ўведзена часовая адміністрацыя. У траўні 2020 году ў сувязі з рашэньнем удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах пасаду старшыні праўленьня «Белгазпромбанку» пакінуў Віктар Бабарыка, які кіраваў установай больш за 20 гадоў. 18 чэрвеня таго ж году яго затрымалі паводле абвінавачаньня ў хабарніцтве і адмываньні грошай. Вярхоўны суд прыгаварыў яго да 14 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Увосень 2020 года Нацыянальны банк на працягу некалькіх месяцаў вёў перамовы з расейскімі акцыянэрамі «Белгазпромбанку» пра тое, каб уласьнікі вярнуліся да кіраваньня даччыным банкам і сфармавалі новы склад праўленьня. Вяртаньне адбылося ў сьнежні 2020 году.