Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чалавек 1,5 гадзіны лыжкай скроб унітаз». Мянчук расказаў, што перажыў у турме на Акрэсьціна


44-гадовы інжынэр Рыгор зь Менску, які пасьля затрыманьня і «сутак» выехаў за мяжу, распавёў праваабаронцам «Вясьны» пра 24 дні на падлозе Акрэсьціна, адданасьць супрацоўнікаў ізалятара загадам і пра тое, як у камэры вылічалі «падсадную качку».

У дзень рэфэрэндуму, на чацьвёрты дзень пасьля нападу Расеі на Ўкраіну, Рыгор з жонкай і сынам прыйшоў да свайго выбарчага ўчастку. Пасьля галасаваньня чалавек 15-20 засталіся ў школьным дворыку абмеркаваць тое, што адбываецца. Рыгор меў жоўтую шапку і блакітны шалік, яго затрымалі.

Паводле менчука, сярод затрыманых былі пабітыя: «Быў адзін са сьлядамі пабіцьця — прыпухласьці і ранкі былі; відаць, што балела ўсё ў яго, ён дрыжаў, бедны». Яшчэ адзін «ня мог нават сядзець, ляжаў і дрыжаў, быў увесь апухлы, заікаўся». Рыгора асудзілі онлайн на 14 дзён арышту.

Да суду ў ізалятары на Акрэсьціна ў ягонай першай камэры былі матрацы, а перагруз быў максымум раза ў 1,5. У другой, «выбарчай» двухпакаёвай камэры на 40 кв. м было чалавек 40-50, пра ложкі гаворкі не было. Пасьля суду Рыгор трапіў у яшчэ больш «густа населеную камэру».

«Гэта быў першы раз, калі я адчуў, што такое недахоп паветра. Я быў рады, што пад нарай знайшоў пашкоджаньне ў падлозе і мне адтуль удавалася дыхаць», — расказаў Рыгор.

Паводле яго, прапаршчык ЦІП на Акрэсьціна сустракаў затрыманых «палітычных» такімі словамі:

«Наркаманы, п’яніцы — няма звычайных людзей. Украіна — нацысты, жыўцом ядуць і расьпінаюць дзяцей. Што, вы хочаце, як ва Ўкраіне?»

Паводле менчука, у камэры, дзе ён сядзеў, былі клапы і прусакі: «Калі кладзеш кавалак хлеба на стол, то на працягу 15 сэкундаў яго ўжо ядуць 3-4 прусакі. У астатніх камэрах іх не было».

У адну з раніц у камэры перастала працаваць вэнтыляцыя, батарэя ж працягвала грэць, а вакно не дазвалялі нават прачыніць, таму, па словах Рыгора, пачалася «душагубачка». Спаць у выніку не атрымлівалася.

«Гэта быў напалову непрытомны стан, як падчас трызьненьня: сьвядомасьць затарможаная, зблытаная. І гэта на фоне пабудак. Людзі пачалі скардзіцца на тое, што ў іх канцавіны пухнуць. Стараліся менш рухацца, не размаўляць», — кажа Ягор.

Яму самому было блага, балела сэрца, пачасьціўся пульс. Пасьля ім усё ж дазволілі адчыняць вакно.

У камэры ўвесь час гарэла сьвятло. На спробы заляпіць ліхтары затрыманыя «атрымлівалі пагрозы фізычнага гвалту, карцара і г. д». Двойчы за ноч іх будзілі і загадвалі ўстаць, раз на тыдзень у камэру вылівалі вядро хлёркі (пры непрацоўнай вэнтыляцыі). На пытаньні пра душ «у вочы сьмяяліся». Туалетнай паперы не было, мыла выдавала толькі адна зьмена з трох — «на 30 чалавек кавалачак памерам з пачак запалак».

«Абавязковы атрыбут — 2-3 бяздомнікі на 30 чалавек. Проста з вуліцы іх бяруць. І бамжы самі гэта пацьвярджаюць: „Хлопцы, гэта ж намі вас караюць“. Плюс непаслухмяных таварышаў з крымінальным мінулым таксама да нас на „перавыхаваньне“ адпраўлялі», — кажа ён.

Паводле яго, у кожную камэру зьмяшчалі «падсадную качку»:

«Падсаджваюць чалавечка, уціраецца ў давер, зьбірае інфармацыю, і потым пачынаюць раскручваць. Але яны, вядома, груба гуляюць. Заходзіць пастрыжаны, манікюр ідэальны: „Я 15 дзён тут ужо сяджу“. Адметная прыкмета — зьяўленьне ня з першага дня сядзеньня. І бесьперапынная цікавасьць да ўсіх, спроба выцягнуць на размову. Відаць, што выконвае чалавек заданьне. І выклікаюць яго незразумела куды надоўга», — расказаў мянчук.

Перад вызваленьнем на яго, як і на многіх іншых, склалі новы пратакол, таму на волю ён ня выйшаў — далі яшчэ 10 дзён арышту.

Падчас другога «тэрміну» Рыгор сутыкнуўся з выпадкам прылюднай зьнявагі чалавека:

«Яму далі лыжку і сказалі вычышчаць унітаз — каб ён блішчэў... Сказалі, што праз гадзіну правераць альбо будзе грубае фізычнае ўзьдзеяньне. А калі мы будзем яму дапамагаць — да нас усіх», — кажа ён.

Спробы дапамагчы праваахоўнікі фіксавалі з дапамогай відэакамэр і адразу спынялі, таму «чалавек 1,5 гадзіны лыжкай скроб унітаз». Што зь ім было далей, невядома, бо неўзабаве яго забралі з камэры. На трэці дзень пасьля вызваленьня з Акрэсьціна Рыгор зь сям’ёй пакінуў Беларусь.

«Псыхалягічна арышт ударыў, канечне. Першыя 2-3 тыдні ў сьне наогул езьдзіў на БТРы, АМАП душыў, немагчыма расслабіцца да канца. Флэшбэкі і цяпер ёсьць. Гэта ж ня толькі з самім зьняволеньнем зьвязана — як на лязе брытвы былі ўсё паўтара года», — кажа ён.

Цяпер Рыгор адчувае сябе нашмат лепей, чым на радзіме.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG