Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэрбская праваслаўная царква рыхтавала ўзброеныя хваляваньні перад парлямэнцкімі выбарамі ў Чарнагорыі, — матэрыялы расьсьледаваньня


Акцыя пратэсту супраць адхіленага ад пасады прэм'ер-міністра Абазавіча
Акцыя пратэсту супраць адхіленага ад пасады прэм'ер-міністра Абазавіча

Члены Шкалярскага кляну ў супрацоўніцтве з Сэрбскай праваслаўнай царквой рыхтаваліся да ўзброенага канфлікту напярэдадні парлямэнцкіх выбараў у Чарнагорыі летам 2020 году.

Пра гэта сьведчыць аналіз праграмы Sky, апублікаваны чарнагорскім выданьнем Mportal, чые ранейшыя заявы пацьвердзіў былы прэм’ер-міністар краіны Дрытан Абазовіч, якога адхілілі ад пасады. Абазавіч заявіў, што «стэнаграмы сабраныя законна, але публікуюцца нелегальна».

«Браты просяць купіць 100 аўтаматаў Калашнікава. Царква плаціць. Напісалі мне. Так, брат. У мяне просяць усё, што трэба купіць адразу. У Мітры брат — настаяцель», — напісаў член крымінальнага кляну Шкаляр Рыста Міянавіч брату аднаго зь лідэраў кляну — Ніколу Дзедавічу 24 чэрвеня 2020 году. Дзедавіч пастаянна кантактаваў з крымінальнымі коламі з Босьніі і Герцагавіны, а менавіта зь яе часткі — Рэспублікі Сэрбскай, адкуль меркавалася набыць частку зброі.

Толькі адна з сэрыі паведамленьняў, расшыфраваных Эўраполам і партнэрскімі службамі бясьпекі, эксклюзіўна апублікаваная чарнагорскім парталам, паказвае, як за палітычнымі кулісамі члены крымінальнага кляну, духавенства і набліжаныя да іх людзі правялі тры летнія месяцы, рыхтуючыся да выбараў.

У аналізе перапіскі, зробленым службы бясьпекі, гаворыцца, што прадстаўнікі Сэрбскай праваслаўнай царквы (СПЦ) самі непасрэдна зьвярнуліся да крымінальных колаў, папрасіўшы купіць зброю. Рабочая здагадка сьледчых — дзеля таго, каб у выпадку непажаданага для прасэрбскіх сілаў выніку на ўсеагульных выбарах у Чарнагорыі ўчыніць хваляваньні. І на выпадак, калі мірныя пратэсты не прывядуць да жаданага для прасэрбскіх сілаў разьвіцьця падзей.

Служба бясьпекі высьветліла і роднасныя сувязі патронаў мафіёзнага кляну з прадстаўнікамі царквы. Такія, напрыклад, ёсьць у гарадах Нікшчыч і Цэціне. Адзначаецца, што яны актыўна кантактавалі. Аўтары расьсьледаваньня кажуць, што апублікуюць неўзабаве новыя дэталі падрыхтоўкі ўзброенага супрацьстаяньня з актыўным удзелам СПЦ.

20 жніўня парлямэнт Чарнагорыі вынес вотум недаверу ўраду на чале з прэм’ер-міністрам Дрытанам Абазавічам. Падставай гэтаму стала пагадненьне Абазавіча з Сэрбскай праваслаўнай царквой. Дакумэнт сярод іншага пацьвярджае права ўласнасьці царквы на нерухомасьць у Чарнагорыі. Абазавіч настойваў, што пакт дапаможа ўрэгуляваць рознагалосьсі паміж партыямі, якія выступаюць за ўступленьне ў Эўразьвяз, і тымі, хто падтрымлівае больш шчыльныя сувязі з Сэрбіяй і Расеяй. Аднак гэтага не адбылося, і канфлікт адно разросься.

Чарнагорыя ўваходзіць у NATO з 2017 году і зьяўляецца кандыдатам на ўступленьне ў Эўразьвяз. Сэрбія спрабуе ўзмацніць свой уплыў у краіне, выкарыстоўваючы ў тым ліку СПЦ, якая лічыцца самай магутнай рэлігійнай грамадой у Чарнагорыі.

Пасьля выхаду зь дзяржаўнага саюзу з Сэрбіяй у 2006 годзе ў Чарнагорыі працягваюць існаваць рознагалосьсі паміж тымі, хто ідэнтыфікуе сябе як чарнагорцаў, і тымі, хто выступаў супраць незалежнасьці краіны, лічачы сябе сэрбамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG