Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палец Лукашэнкі, альбо як прапагандысты атрымалі Дзяржаўную прэмію за падман


Фрагмэнт зь фільму Юрыя Гарулёва і Аляксандра Лукашука «Дэпутаты»
Фрагмэнт зь фільму Юрыя Гарулёва і Аляксандра Лукашука «Дэпутаты»

У першай сэрыі фільму «Найноўшая гісторыя», які быў зьняты ў 2004 годзе на Беларускім тэлебачаньні, ёсьць момант, якому аўтары надалі кульмінацыйную ролю.

Дзясяткі хвілінаў расказваецца пра развал эканомікі ў пачатку 90-х, пра спыненьне вытворчасьці, бязладзьдзе, галечу — і ўсё гэта, зразумела, як вынік распаду Савецкага Саюзу.

Але яшчэ страшнейшай была карупцыя, якая квітнела пры патураньні Шушкевіча і БНФ.

Адзін за другім палкоўнік міліцыі, генэрал-лейтэнант міліцыі, генэрал-палкоўнік КДБ накручваюць страсьці, і — вось ён, народны выратавальнік са сваім антыкарупцыйным дакладам, прачытаным у сьнежні 1993-га, і вось ён — апагей выступу Лукашэнкі:

«Вы говорите, Станислав Станиславович, что не надо искать виновных. Надо, Станислав Станиславович, чтобы этого больше не повторилось. Чтобы каждый знал наперёд, что если только он посмеет поднять не то что кулак, а только палец, как говорил Давлюд, он будет немедленно отрублен. И только во имя будущего, во имя наших с вами малых деток мы это должны сделать. Каждый за своё должен ответить!».


Падмацоўваў Лукашэнка свае словы ўзьняцьцем указальнага пальца.

Нявядома, што тварылася ў душы Лукашэнкі, калі глядзеў ён гэтыя кадры. Вядома, што аўтары, у тым ліку кіраўнік тэлерадыёкампаніі Рыгор Кісель, былі ўзнагароджаныя Дзяржаўнай прэміяй — найвышэйшай афіцыйнай узнагародай за творчасьць.

Таксама вядома, што фільм прымусова пракручвалі ў камэрах турмы КДБ («амэрыканцы») арыштаваным пасьля пратэстаў 2010 году (а магчыма, прымушаюць глядзець і сёньня).

Але Кісель і кампанія тэлегледачоў падманулі.

Паказаны выступ Лукашэнкі — фрагмэнт фільму Юрыя Гарулёва і Аляксандра Лукашука «Дэпутаты», зьнятага ў 1991 годзе і, адпаведна, ня мае ніякага дачыненьня да дакладу аб карупцыі.

Выступ адбыўся не ў 1993 годзе, а на два з паловай гады раней — 24 жніўня 1991 году, у першы дзень надзвычайнай сэсіі Вярхоўнага Савету, якая ўвайшла ў гісторыю пад назовам «Сэсія Незалежнасьці».

Але і да абвяшчэньня незалежнасьці словы дачыненьня ня маюць.

Бо як толькі пытаньне аб наданьні Дэклярацыі канстытуцыйнай сілы пачало набываць рэальныя рысы, Лукашэнка заявіў, што ня будзе ў гэтым удзельнічаць.

Для падмацаваньня сваіх слоў ён увогуле адмовіўся рэгістравацца (хаця ў Авальнай залі прысутнічаў), і ў выніках пайменнага галасаваньня за незалежнасьць насупраць прозьвішча Лукашэнкі пазначана — «АД» («адсутнічаў»).

Дык зь якога ж кантэксту вырваў Кісель абуральныя словы Лукашэнкі пра «адсечаны палец»?

А папярэднічалі ім абуральныя словы Лукашэнкі пра тое, што маскоўскія путчысты, якія выступілі супраць канстытуцыйнай законнасьці, знайшлі падтрымку ў дзяржаўным і праваахоўным апараце Беларусі.

Вось гэтыя словы, цытую па стэнаграме:

«Сейчас поступают данные, что на многих заводах, на отдельных заводах тысячи наручников были заказаны накануне государственного переворота. Вы знаете, что в моём родном городе районный отдел внутренних дел, все сотрудники (я обращаюсь здесь к работникам министерства внутренних дел, пусть они примут эту информацию, проверят и доложат мне как народному депутату) уже потирали руки, писали списки и заявляли, кого же они повесят в первую очередь.... Вы понимаете, что могло бы произойти,на территории Белоруссии, если бы это продлилось ещё какое-то время?» (Зянон Пазьняк, Сэсія Незалежнасьці, 2011, стар. 182).

Гэта супраць слоў Шушкевіча, што ня варта шукаць і караць тых, хто замахнуўся на дэмакратыю, выступіў 24 жніўня 1991 году Лукашэнка.

Гэта тым, хто імкнуўся начапіць на людзей кайданкі, абяцаў Лукашэнка «немедленно отрубить» палец.

Такое, вядома, у тэлесерыяле не нагадаеш. А калі нагадаеш — трапляньнем у «чорныя сьпісы» не абыдзесься, тут ужо і кайданкі начэпяць, і ў «амэрыканку» засадзяць.

Добра, што хоць не павесяць пакуль.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG