Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ня будуць уводзіць забарону на выдачу візаў расейцам


Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША ў панядзелак паведаміў, што Злучаныя Штаты не маюць намеру ўводзіць забарону на выдачу амэрыканскіх візаў грамадзянам Расеі.

Ён заявіў, што неабходна адрозьніваць расейскія ўлады і іх дзеяньні ва Ўкраіне, і простых расейцаў. У Дзяржаўным дэпартамэнце таксама падкрэсьлілі, што адмова ўсім расейцам у атрыманьні візаў адрэзала б шляхі да бясьпекі для расейскіх дысідэнтаў і ўсіх, хто зазнае перасьлед на радзіме.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнта нагадаў, што візавыя абмежаваньні закрануць або ўжо закранулі расейскіх чыноўнікаў і тых, хто мае дачыненьне да іх рашэньняў. З пачатку ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну 24 лютага ў санкцыйныя сьпісы ЗША былі ўнесеныя больш за 5 тысячаў грамадзянаў РФ, і гэтыя сьпісы будуць папаўняцца.

Раней прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію газэце The Washington Post заклікаў заходнія краіны забараніць уезд усім грамадзянам Расеі. Латвія і Эстонія прыпынілі выдачу расейцам шэнгенскіх турыстычных візаў, Фінляндыя абвясьціла, што абмяжуе іх колькасьць.

За забарону выдачы візаў расейцам на ўзроўні ўсёй шэнгенскай зоны выступілі Латвія, Літва, Эстонія і Чэхія. Некаторыя іншыя краіны ЭЗ, напрыклад Партугалія, выказаліся супраць такой меры. Ідэю забараніць выдачу візаў расейцам не падтрымаў і вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль.

Пытаньне шэнгенскіх візаў для расейскіх грамадзянаў у маштабе Эўразьвязу будзе абмяркоўвацца на сустрэчы міністраў замежных справаў ЭЗ, якая пройдзе ў канцы жніўня ў Празе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG