У тэлеграм-канале сэнатар ад Ханты-Мансійскай акругі (Югры) напісаў, што ягоная дачка «прадала свайго бацьку, сям’ю, Радзіму». Падставай для запісу сталі апублікаваныя ў пятніцу інтэрвію Дзіяны Ісакавай расейскай службе ВВС і выданьню «Медуза». У іх дачка сэнатара паведаміла, што выступае супраць вайны ва Ўкраіне і нядаўна пакінула Расею.
«Цяжка падабраць словы, калі твая дачка аказваецца здраднікам» — напісаў Ісакаў. Паводле яго слоў, даведаўшыся, што ў красавіку ягоная дачка прыняла ўдзелы ў акцыі супраць вайны (сэнатар называе яе «СВА» — спэцыяльная ваенная апэрацыя — як афіцыйна ў Расеі называецца ўварваньне ва Украіну), ён «спрабаваў растлумачыць ёй неабходнасьць правядзеньня СВА, прапаноўваў наведаць месцы баявой славы савецкага народа», але гэтыя намаганьні былі марнымі.
Ісакаў таксама падкрэсьліў, што Дыяна — яго дачка ад першага шлюбу, якую ён «не выхоўвае з трох гадоў». Ён таксама выступіў са сьцьвярджэньнямі, што яна знаходзіцца на ўліку ў псіханеўралягічным дыспансэры, называла сябе прадстаўніцай ЛГБТ, і зь ёй «складана мець зносіны».
«З таго моманту, як я даведаўся, што ў яе антырасейская пазыцыя, мы ня маем зносіны, я яе не забясьпечваю, не прадастаўляю жытло» — напісаў Ісакаў.
Раней у інтэрвію ВВС ягоная дачка расказала, што ў яе былі канфлікты з бацькам і некалькі спробаў суіцыду, якія яна назвала «наступствамі жорсткага выхаваньня», і пра тое, што бацька, нягледзячы на ягоныя сьцьвярджэньні, што ён яе «не выхоўваў», аказваў на яе жыцьцё вялікі ўплыў.
Ісакаў знаходзіцца ў санкцыйных сьпісах Вялікабрытаніі, ЭЗ і Канады. Ён актыўна выступае ў падтрымку вайны.
- 25-гадовая Дыяна Ісакава напярэдадні ва інстаграме напісала, што пакідае Расею і гатова расказаць пра сваё стаўленьне да вайны. У пятніцу выйшлі яе інтэрвію. У іх яна расказала, што ўжо некалькі гадоў прытрымліваецца апазыцыйных поглядаў і неаднойчы канфліктавала з бацькам, у тым ліку з-за стаўленьня да правоў ЛГБТ. У сакавіку яна выйшла ў Сочы на малалікі мітынг супраць вайны, а ў красавіку правяла ўласную антываенную акцыю і была затрымана. Бацька, як вынікае з інтэрвію, даведаўся пра яе затрыманьне ад Валянціны Мацьвіенкі — кіраўніка Савета Фэдэрацыі РФ. Сам сэнатар сказаў ВВС, што Мацьвіенка прасіла яго «пагаварыць з дачкой, растлумачыць ёй прычыны і неабходнасьць спэцапэрацыі». Размова завяршылася тым, што Ісакаў, па словах яго дачкі, абвясьціў ёй, што яна яму больш не дачка.