Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Львове адбылася сустрэча прэзыдэнтаў Украіны, Турэччыны і генэральнага сакратара ААН. Што абмяркоўвалі?


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў Львове, 18 жніўня 2022 г.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў Львове, 18 жніўня 2022 г.

У Львове адбыліся перамовы прэзыдэнтаў Украіны і Турэччыны Ўладзіміра Зяленскага і Рэджэпа Эрдагана, а ёй папярэднічала сустрэча міністраў абароны краін — Аляксея Рэзьнікава і Хулусі Акара.

Як паведаміла Міністэрства абароны Турэччыны, міністры абароны Ўкраіны і Турэччыны абмяняліся думкамі па двухбаковых і рэгіянальных пытаньнях абароны і бясьпекі.

Сустрэча кіраўнікоў Украіны і Турэччыны праходзіла ў львоўскім Палацы Патоцкіх. На ёй, паводле турэцкага боку, абмяркоўваліся крокі, якія могуць быць зробленыя для спыненьня ўкраінска-расейскай вайны дыпляматычным шляхам і для разьвіцьця дзейнасьці мэханізму, створанага для экспарту ўкраінскага збожжа на ўсясьветны рынак.

Як паведаміла турэцкае інфармацыйнае агенцтва «Анадолу», Рэджэп Эрдаган прыляцеў з Турэччыны ў польскі горад Жэшаў, а адтуль аўтамабілем прыехаў у Львоў.

Пасьля размовы прэзыдэнтаў Украіны і Турэччыны сам-насам да іх далучыўся генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш, які прыбыў у Львоў напярэдадні, 17 жніўня. Перад сустрэчай з Эрдаганам і Зяленскім ён наведаў Львоўскі нацыянальны ўнівэрсытэт імя Івана Франка.

На асобнай сустрэчы Ўладзімір Зяленскі абмеркаваў з Антонію Гутэрышам працяг каардынацыі па рэалізацыі збожжавай ініцыятывы, пытаньні незаконнай і прымусовай дэпартацыі ўкраінцаў, вызваленьне з палону ўкраінскіх вайскоўцаў і мэдыкаў.

Як паведаміў украінскі прэзыдэнт у сваім тэлеграм-канале, асобная ўвага была скіраваная на тэму ядзернага шантажу Расеі на Запароскай АЭС.

«Гэты сьвядомы тэрор з боку агрэсара можа мець глябальныя катастрафічныя наступствы. Таму ААН павінна запэўніць бясьпеку гэтага стратэгічнага аб’екта, ягоную дэмілітарызацыю і поўнае вызваленьне ад расейскіх войскаў», — сказаў Зяленскі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG