Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта скарб, бо там і яго асабістыя рэчы». Даведаліся больш пра новыя знаходкі Каліноўскага ў Вільні, зь якімі не працавалі дасьледчыкі


Адбітак фатаздымку Кастуся Каліноўскага, Нацыянальны музэй у Вільні
Адбітак фатаздымку Кастуся Каліноўскага, Нацыянальны музэй у Вільні

Гісторык Алесь Смалянчук падчас працы ў Нацыянальным музэі Літвы знайшоў калекцыю тэкстаў і прадметаў Літоўскага правінцыйнага камітэту, якім кіраваў Кастусь Каліноўскі. Выглядае, што дагэтуль ніхто з дасьледчыкаў не зьвярнуў увагі на гэтыя дакумэнты.

Свабода дазналася некаторыя дэталі пра знаходку.

Адкуль узяліся гэтыя дакумэнты

33 гады таму, падчас рэстаўрацыі Бэрнардынскага касьцёла (касьцёл Сьв. Францішка Асіскага) у Вільні, рэстаўратары знайшлі ў сьцяне нішу, у якой былі схаваныя дакумэнты, пісталет і іншыя прадметы. Знаходка выявілася часткай архіву Літоўскага правінцыйнага камітэту. Гэта арганізацыя, якая рыхтавала і каардынавала паўстаньне 1863–64 гадоў у Літве і Беларусі. Літоўскі правінцыйны камітэт узначальваў сам Кастусь Каліноўскі.

Бэрнардынскі касьцёл у Вільні (справа)
Бэрнардынскі касьцёл у Вільні (справа)

Усе гэтыя знаходкі перадалі тады ў Нацыянальны музэй Літвы. Але падзея моцна не афішавалася, і невядома, каб гэтая калекцыя зацікавіла каго з гісторыкаў. Увагу зьвярнулі, бадай, толькі на шосты, неапублікаваны нумар «Мужыцкай праўды». Рэшта дакумэнтаў дзясяткі гадоў ляжала без увагі дасьледчыкаў.

Што ў той калекцыі

У калекцыі больш за 100 рэчаў і дакумэнтаў. Сярод іх і беларускамоўныя тэксты. Нават хуткі агляд прыводзіць да высновы, што яны выйшлі з асяродзьдзя Кастуся Каліноўскага. Почырк на адным зь іх нагадвае стыль пісьма самога лідэра паўстаньня. Што дазваляе так казаць? Справа ў тым, што іншых груповак, якія б займаліся беларускамоўнай публіцыстыкай, тады проста не было.

Сярод папераў ёсьць і асабістыя дакумэнты Кастуся Каліноўскага. Напрыклад, яго мэтрыка аб нараджэньні з касьцёла ў Ялоўцы, дзе яго хрысьцілі. Ёсьць таксама ліст рэктара Пецярбурскага ўнівэрсытэту з вынікамі навучаньня Каліноўскага і інфармацыяй, што ён скончыў курс на юрыдычным факультэце, але не прадставіў дысэртацыю.

Дакумэнт зь Пецярбурскага ўнівэрсытэту
Дакумэнт зь Пецярбурскага ўнівэрсытэту

Ёсьць у гэтай калекцыі і адбіткі кішэннага фармату зь ягоных вядомых фатаздымкаў аўтарства іншага паўстанца, Ахілы Банольдзі. Бясспрэчна, гэта асабістыя рэчы Каліноўскага, якія ён трымаў некалі ў руках.

У калекцыі быў і рукапіс шостага нумару «Мужыцкай праўды», які ня быў надрукаваны. Вядомы нам друкаваны нумар «Мужыцкай праўды» мае цалкам іншы зьмест і прысьвячаецца праблеме уніі і гвалтоўнаму пераводу ўніятаў у праваслаўе. Ён таксама ёсьць у гэтай калекцыі, а на яго адваротным баку нехта напісаў чатырохрадковы верш на беларускай мове, аўтар якога спадзяецца на Божую дапамогу.

Шосты нумар «Мужыцкай праўды» (друкаваны)
Шосты нумар «Мужыцкай праўды» (друкаваны)

Гэта не адзіная рэч, дзе фігуруе беларуская мова. Асобны дакумэнт — «Каімшчына на Літве і Белайрусі», які складаецца з 8–10 старонак. У ім згадваецца біблейская гісторыя братоў Каіма (Каіна) і Абэля (Авэля). Каім у гэтым тэксьце — гэта сяляне, якія выступілі супраць паўстаньня, а Авэль — гэта шляхта, якую яны здрадзілі. Там згадваецца Канстытуцыя 3 траўня 1791 году, якая адмяніла прыгон у Рэчы Паспалітай, абвяргаецца хлусьня расейскай прапаганды пра тое, што нібыта палякі хочуць вярнуць прыгон, фігуруюць імёны тых, хто даносіў на паўстанцаў пад Лідай, Менскам, Вялейкай ды інш. Гэты тэкст — спроба паказаць братэрства сялян Беларусі, Літвы і Польшчы са шляхтай. Дакумэнт напісаны прыгожым почыркам, гэта можа сьведчыць аб тым, што ён рыхтаваўся да друку. Падпісанае і аўтарства — Янка з-пад Вільна. Гэты псэўданім падобны да таго, якім падпісваўся сам Каліноўскі — Яська-гаспадар з-пад Вільні. Дата дакумэнту — травень 1863 году.

«Каімшчына на Літве і Белайрусі»
«Каімшчына на Літве і Белайрусі»

Гэта быў месяц пералому ў паўстаньні, калі ўжо стала зразумела, што яно прайграла. Каліноўскі тады вярнуўся да кіраваньня паўстаньнем. У той час ён акурат выдаў загад да «зямлі літоўскай і беларускай», дзе вельмі рэзка асуджае сялянскую здраду і пагражае рэпрэсіямі тым, хто будзе супраць паўстаньня. Знойдзены тэкст цікавы тым, што ў ім, апрача асуджэньня здрады, гаворка ідзе акурат пра пошукі паразуменьня паміж шляхтай і сялянствам. Ён можа дапамагчы дасьледчыкам па-новаму зірнуць на пэўныя працэсы падчас паўстаньня. Знойдзеныя дакумэнты важныя для гісторыі яшчэ і таму, што беларускамоўных дакумэнтаў з XIX стагодзьдзя ня так і шмат.

Ня толькі беларускамоўныя тэксты

У калекцыі нямала тэкстаў па-польску і па-расейску. Па-расейску — звароты да расейскіх салдатаў, але ў большасьці — афіцыйныя дакумэнты тых, хто паўстаньне падаўляў. Захаваліся таксама польскамоўныя лісты паўстанцаў. Праўда, прачытаць іх даволі цяжка, бо яны напісаныя на папяроснай паперы, кепскім шрыфтам, і самі лісты ўжо ня ў вельмі добрым стане. Ёсьць і дзёньнікі паўстанцаў, якія дазволяць зазірнуць ва ўнутранае жыцьцё паўстаньня.

Хто схаваў гэтыя рэчы ў Бэрнардынскім касьцёле

Гэта акурат застаецца загадкай. Але ўстанавіць асобу гэтага чалавека рэальна, бо гаворка, найхутчэй, пра паўстанца, які мусіў мець блізкія сувязі са згаданым касьцёлам і манахамі-бэрнардынцамі. Калекцыя адкрытая для дасьледчыкаў, таму гісторыкі маюць цяпер шанец раскрыць невядомыя дагэтуль таямніцы паўстаньня і яго герояў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG