Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рамках праверкі сіл тэрытарыяльнай абароны ў Менску будзе сфармаваны стралковы батальён


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У беларускай сталіцы праходзіць другі этап комплекснай праверкі сіл тэрытарыяльнай абароны, паведамляе тэлекампанія Мінабароны.

Праверка працягнецца да 30 жніўня. За гэты час, як заявіў вайсковы камісар Цэнтральнага раёну Менску Сяргей Коўш, будзе сфармаваны «штаб вайсковай тэрытарыяльнай абароны і асобна стралковы батальён».

Збор асабовага складу (салдатаў і афіцэраў) у тэрытарыяльныя войскі праходзіць на базе Менскага палаца дзяцей і моладзі.

Адзначаецца, што ўзрост прызыўнікоў розны, сярод іх — былы начальнік міліцыі грамадзкай бяспекі ГУУС Менгарвыканкаму 57-гадовы Ўладзімер Навіткевіч.

Паведамляецца, што вайскоўцы «адновяць навыкі ў вайскова-ўліковых спэцыяльнасьцях, авалодаюць новымі тактычнымі прыёмамі і ўзорамі ўзбраеньня».

Усяго на гэтым этапе ў тэраабарону прызавуць 300 чалавек з трох раёнаў — Савецкага, Першамайскага і Цэнтральнага.

Задача сфармаваць і праверыць тэрытарыяльныя войскі ў сталіцы была пастаўлена перад старшынём Менгарвыканкаму Ўладзімірам Кухаравым 9 жніўня.

Як заявіў тады начальнік Генэральнага штабу ВС генэрал-маёр Віктар Гулевіч, «гэтае мерапрыемства зьяўляецца завяршальным у рамках праверкі ўзроўню падрыхтоўкі тэрытарыяльнай абароны сталіцы».

У Мінабароны падкрэсьлівалі, што на гэтым этапе будзе ацэнена эфэктыўнасьць працы чыноўнікаў Менгарвыканкаму і трох раённых адміністрацый у кіраўніцтве тэрытарыяльнымі войскамі.

Першы этап праверкі гатоўнасьці падразьдзяленьняў тэраабароны быў праведзены з 17 па 28 студзеня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG