Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кавалеўскі прадставіў кіраўніку беларускага аддзелу амбасады ЗША ў Літве Каўфману канцэпцыю Аб’яднанага пераходнага кабінэту


Аб’яднаны пераходны кабінэт, Валер Кавалеўскі крайні справа
Аб’яднаны пераходны кабінэт, Валер Кавалеўскі крайні справа

Бакі абмеркавалі вынікі канфэрэнцыі «Новая Беларусь», якая прайшла 8–9 жніўня ў Вільні, у прыватнасьці, рашэньне аб стварэньні Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК).

Пра гэта інфармуе BPN.

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) у міжнародных адносінах Валер Кавалеўскі 13 жніўня абмеркаваў з кіраўніком аддзелу па справах Беларусі амбасады ЗША ў Літве Петэрам Каўфманам актывізацыю палітычнага працэсу ў асяродзьдзі дэмакратычных сіл, паведамляе прэс-служба дэмакратычнай лідэркі Беларусі Святланы Ціханоўскай.

«Амэрыканскаму боку была прадстаўлена падрабязная інфармацыя аб канцэпцыі і мэтах кабінэту, а таксама задачах яго членаў», — гаворыцца ў паведамленьні.

Адзначаецца, што суразмоўцы таксама абгаварылі ўнутрыпалітычную сытуацыю ў Беларусі, пагрозы яе незалежнасьці і сувэрэнітэту, якія вынікаюць з удзелу рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны, а таксама «пазыцыю міжнароднай супольнасьці ў гэтым пытаньні».

«Пацьверджана гатоўнасьць супрацоўнічаць у падтрымку памкненьня беларусаў да дэмакратычных перамен», — паведамілі ў прэс-службе Ціханоўскай.

Раней прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту па транзыце ўлады, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павел Латушка заявіў у эфіры ўкраінскага тэлеканалу «Прямий», што для кабінэт важна ўстанаўленьне стасункаў і прызнаньне «міжнародных партнэраў ужо сёньня».

На другі дзень канфэрэнцыі «Новая Беларусь» 9 жніўня ў Вільні Ціханоўская абвясьціла пра стварэньне Аб’яднанага пераходнага кабінэту і прызначыла яго першых прадстаўнікоў. Апрача згаданых Кавалеўскага і Латушкі ў яго ўваходзяць кіраўнік аб’яднаньня былых сілавікоў ByPol Аляксандр Азараў (прадстаўнік па аднаўленьні правапарадку) і экс-камандзір берасьцейскай 38-й дэсантна-штурмавой брыгады падпалкоўнік запасу Валерый Сахашчык (прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бясьпецы).

У кабінэце таксама маюць зьявіцца прадстаўнікі па сацыяльнай палітыцы, эканоміцы і фінансах, нацыянальным адраджэньні.

Задачамі кабінэту Ціханоўская назвала «абарону незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі, прадстаўленьне нацыянальных інтарэсаў, ажыцьцяўленьне фактычнай дэакупацыі краіны».

Паводле яе слоў, кабінэту трэба «распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў», у выніку чаго «павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG