Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна змагла вярнуць паўтысячы целаў сваіх абаронцаў, якія загінулі на ўсходзе. Пра беларусаў пакуль нічога не вядома


Ілюстрацыйнае фота. Разьвітаньне з загінулым украінскім ваяром
Ілюстрацыйнае фота. Разьвітаньне з загінулым украінскім ваяром

Упаўнаважаны ў пытаньнях зьніклых бязь вестак у асаблівых абставінах Алег Катэнка заявіў 12 жніўня, што з данецкага, луганскага і харкаўскага кірункаў удалося забраць целы 522 абаронцаў Украіны.

«522 целы нам ужо ўдалося забраць. Мы забіраем іх з розных кірункаў — данецкага, луганскага, харкаўскага», — паведаміў Алег Катэнка ў эфіры агульнаўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.

Паводле яго, усе гэтыя вайскоўцы былі ўключаныя ў сьпісы зьніклых бязь вестак. Ці ёсьць сярод перададзеных Украіне целы беларусаў, пакуль невядома. Алег Катэнка паабяцаў Свабодзе пазьней адказаць на гэтае пытаньне.

Ён таксама дадаў, што цяпер формула перамоваў пра абмен целамі загінулых у баявых дзеяньнях істотна адрозьніваецца ад той, што існавала ў 2014–2015 гадах.

«Мы наўпрост кантактавалі з прадстаўнікамі так званых „ДНР/ЛНР“ і наўпрост вырашылі гэтае пытаньне. Цяпер перамовы ідуць па-іншаму. У нас ёсьць пасярэднік. Гэта Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа, празь які мы маем зносіны з Расеяй. Гэтыя перамовы адбываюцца нармальна», — патлумачыў ён.

Раней Алег Катэнка заяўляў, што ва Ўкраіне больш за сем тысяч украінскіх вайскоўцаў лічацца зьніклымі бязь зьвестак. Паводле яго, большасьць зь іх у расейскім палоне.

9 ліпеня полк імя Кастуся Каліноўскага паведаміў, што 26 чэрвеня ў баях пад Лісічанскам загінулі камандзір батальёну «Волат» Іван Марчук, Васіль Парфянкоў, Вадзім Шатроў, Васіль Грудовік, яшчэ два беларусы — Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў — трапілі ў палон.

11 жніўня Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі паведаміў аб уключэньні двух грамадзян Беларусі Васіля Парфянкова і Васіля Грудовіка ў рэестар абаронцаў Украіны, якія трапілі ў расейскі палон.

Алена Гергель, жонка Васіля Парфянкова, удакладніла Свабодзе, што ідзецца пра перадачу цела яе мужа на тэрыторыю Ўкраіны. «Паколькі не было дакладнай інфармацыі пра ягоную гібель і пра палон, то падалі ўва ўсе сьпісы», — сказала яна.

На 22 ліпеня вядома пра 7 загінулых у баях за Ўкраіну байцоў палку імя Кастуся Каліноўскага. Яшчэ тры беларусы, якія загінулі пасьля 24 лютага, былі байцамі іншых падразьдзяленьняў. Пра перадачу іхных целаў таксама нічога не вядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG