Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вывучыцца на юрыста-міжнародніка — 13 сярэдніх заробкаў. Глядзім, колькі ў Беларусі каштуе адукацыя


У Беларусі завяршылася ўступная кампанія. Глядзім, колькі студэнты будуць плаціць за навучаньне на розных спэцыяльнасьцях.

Менск

БДУ

У БДУ традыцыйна найдаражэйшы факультэт — міжнародных адносін. Напрыклад, год навучаньня на спэцыяльнасьці «Міжнароднае права» каштуе 5567 рублёў. Толькі 4-ы год, апошні, крыху таньнейшы — 4453 рублі. За ўсе чатыры гады гэта 21 154 рублі, або 13 сярэдніх заробкаў (чэрвеньскіх сярэдніх заробкаў паводле Белстату).

Калі пералічыць на прадукты па ліпеньскіх цэнах, то гэта:

  • 179 мяхоў бульбы па 60 кіляграмаў
  • 12 тысяч літраў малака
  • 1342 кіляграмы сала
  • 1490 кіляграмаў зэфіру

Столькі ж каштуе навучаньне на юрыдычным факультэце на спэцыяльнасьці «Эканамічнае права».

Навучаньне на факультэце радыёфізыкі і кампутарных тэхналёгіяў, папулярным сярод будучых IT, на спэцыяльнасьці «кампутарная бясьпека» каштуе 4457 рублёў за першыя тры гады і 3565 — за апошні курс навучаньня. Агулам 16 936 рублёў, або 10,5 сярэдняга заробку.

БДУІР

найдаражэйшы факультэт у вядучай ІТ-ВНУ Беларусі — факультэт кампутарных сыстэмаў і сетак, навучаньне за ўсе чатыры гады каштуе 15 840 рублёў, або 9,7 сярэдняга заробку.

На факультэце кампутарнага праектаваньня ўсе чатыры гады навучаньня пацягнуць на 13 565 рублёў, або 8,3 сярэдняга заробку.

БНТУ

У вядучай інжынэрнай ВНУ Беларусі адна з найдаражэйшых спэцыяльнасьцяў — «Будаўніцтва цеплавых і атамных электрастанцыяў». Цана навучаньня за год — 4263 рублі, за 4 гады — 17 052 рублі, або 10,4 сярэдняга заробку.

Столькі ж каштуе навучаньне на аўтатрактарным факультэце на спэцыяльнасьці «Рухавікі ўнутранага згараньня».

БДТУ

Вывучыцца ў Тэхналягічным унівэрсытэце на «Выдавецкую справу» будзе каштаваць 16 125 рублёў, або 10 сярэдніх заробкаў, на «Дызайн электронных і вэб-выданьняў» — 12 603 рублі, або 7,7 сярэдняга заробку.

Спэцыяльнасьць «Маркетынг» у гэтай ВНУ будзе каштаваць 16 169 рублёў за ўвесь тэрмін навучаньня ў 4 гады, або 10 сярэдніх заробкаў. Агулам цэны на ўсе спэцыяльнасьці тут падобныя.

БДПУ імя Максіма Танка

Пэдагагічныя спэцыяльнасьці традыцыйна каштуюць крыху менш. Спэцыяльнасьці з замежнай мовай будуць каштаваць 12 686 рублёў, або 7,7 сярэдняга заробку.

Вывучыцца на мастацтвазнаўцу будзе каштаваць 1364 рублі, або 8,3 сярэдняга заробку. Большасьць спэцыяльнасьцяў каштуюць 12 498 рублёў за ўвесь тэрмін навучаньня ў 4 гады, або 7,6 сярэдняга заробку на сёлетні чэрвень.

Берасьце

У Берасьцейскім унівэрсытэце імя Пушкіна на спэцыяльнасьці «Эканамічная кібэрнэтыка» ўвесь тэрмін навучаньня будзе каштаваць 11 880 рублёў, або 7,3 сярэдняга заробку.

Вывучыцца там жа на біёляга будзе каштаваць 12 028 рублёў, або таксама 7,3 сярэдняга заробку. Столькі ж будзе каштаваць вывучыцца на гісторыка.

Віцебск

Навучыцца ў Віцебскім унівэрсытэце імя Машэрава на юрыста будзе каштаваць 13 636 рублёў, або 8,3 сярэдняга заробку. Усе астатнія спэцыяльнасьці будуць каштаваць 12 474 рублі, або 7,6 сярэдняга заробку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG