Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Багдановіча ёсьць верш пра зорку Вэнэру, а мы будзем глядзець на месяц». Алег Грузьдзіловіч у зьняволеньні зноў перахварэў на ковід


Алег Грузьдзіловіч у судзе, сакавік 2022 г.
Алег Грузьдзіловіч у судзе, сакавік 2022 г.

Журналіст «Свабоды» Алег Грузьдзіловіч у магілёўскай калёніі № 15 паўторна перахварэў на каранавірус. «Менсктранс» працягвае судзіцца з журналістам нібыта за спыненьне транспарту і пакуль выйграе. Нягледзячы на ўсё гэта, ён і з-за кратаў шле жонцы рамантычныя лісты.

Даведаліся, што новага ў зьняволенага «свабодаўца».

Алег Грузьдзіловіч, які адбывае паўтара года зьняволеньня ў магілёўскай калёніі № 15, зноў перахварэў на каранавірус.
Першы раз Алег Грузьдзіловіч заразіўся ковідам таксама за кратамі, у лістападзе 2020 году, калі трапіў на 15 дзён ў Баранавіцкі СІЗА за працу на акцыі пратэсту.

У канцы ліпеня ў атрад, дзе сядзіць Алег, з карантыну перавялі хворага хлопца. Заразіліся іншыя сядзельцы, расказала жонка палітвязьня Мар’яна Грузьдзіловіч.

Ліст палітвязьня Алега Грузьдзіловіча
Ліст палітвязьня Алега Грузьдзіловіча

«У Алега была тэмпэратура, дрыжыкі, моцны кашаль, насмарк, ён пацеў — пра гэта муж апавёў у тэлефоннай размове. Я перажываю, што магло быць у яго і запаленьне лёгкіх. У камэры было вельмі сьпякотна, хваробу з высокай тэмпэратурай Алег пераносіў складана. На „атаварцы” купіў ласункаў, згушчонкі, печыва, цыбулі і часныку, бо да канца лета яго яго пазбавілі 50-кіляграмовай перадачы ці пасылкі і я не магу перадаць вітаміны», — кажа Мар’яна.

«Менсктранс» пасьпяхова спаганяе грошы з асуджаных

Працягваюцца і суды зь «Менсктрансам», на якія пастаянна ходзіць жонка Грузьдзіловіча. Агулам «Менсктранс» выставіў Алегу Грузьдзіловічу тры грамадзянскія пазовы за розныя эпізоды 2020 году — на суму 56 979 рублёў 68 капеек.

Пазовы «Менсктрансу» да Алега Грузьдзіловіча разглядаюцца адразу ў трох судах — Маскоўскім, Фрунзэнскім і Заводзскім, паседжаньні часта пераносяць. «Менсктранс» фактычна адмовіўся ад часткі грашовага патрабаваньня за падзеі 16 жніўня 2020 году на плошчы Незалежнасьці, бо вялікія сумы ўжо сплацілі ўдзельнікі акцыі. Фрунзэнскі суд перанёс разгляд прэтэнзіяў на верасень. А вось Маскоўскі суд аб’яднаў пазовы «Менсктрансу» за нібыта спыненьне транспарту Грудзьдзіловічам у адну справу зь іншым падсудным. І «Менсктранс» выйграў справу, кажа Мар’яна Грузьдзіловіч.

Ліст палітвязьня Алега Грузьдзіловіча
Ліст палітвязьня Алега Грузьдзіловіча

«Частку грошай (576 рублёў) ужо заплацілі iншыя людзi па рашэньні судоў. Аднак з Алега i яшчэ з аднаго челавека, таксама асуджанага па 342-м артыкуле за масавыя беспарадкі на 2,5 года калёніі), суд вырашыў спагнаць „салідарна і ў поўным аб’ёме“ 23 006 рублёў 90 капеек.

А яшчэ Алегу з тым чалавекам трэба аплацiць дзяржаўнае мыта — каля 1200 беларускіх рублёў. А калі яны будуць падаваць скаргу, то давядзецца заплаціць яшчэ 5% ад сумы пазову», — сказала Алегава жонка Мар’яна.

Месяц замест зоркі Вэнэры

Алег шмат чытае, малюе, займаецца фізычнымі практыкаваньнямі, падцягваецца, пераказвае Мар’яна навіны пра мужа. У калёніі ён не працуе. Амаль кожны дзень піша лісты жонцы і сынам з унукамі, кажа Мар’яна.

«Алег — асоба вельмі рамантычная. Неяк у сярэдзіне ліпеня ўбачыў ён з вакна сваёй камэры месяц і піша: «У Максіма Багдановіча ёсьць кранальны верш пра зорку Вэнэру, а мы будзем разам у адзін час — у 21.45 — глядзець на месяц і думаць адно пра аднаго. У вершы ёсьць такія радкі:

Глянь іншы раз на яе, — у расстаньні
Там зь ёй зьліём мы пагляды свае...
Каб хоць на міг уваскрэсла каханьне,
Глянь іншы раз на яе...“.

Так што цяпер мы адначасова глядзім замест зоркі Вэнэры на месяц. Калі ён першы раз напісаў, была поўня, потым месяц зьнік. У апошнім лісьце піша: „Месяц зноў выйшаў, мамусік, выходзь“. Алег і малюнак на гэтую тэму мне прыслаў», — кажа Мар’яна Грузьдзіловіч і ня можа стрымаць сьлёз.

Унукі чакаюць палітвязьня Алега Грузьдзіловіча
Унукі чакаюць палітвязьня Алега Грузьдзіловіча

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG