Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпявачку Мерыем Герасіменку, якая выканала песьню «Океану Ельзи» на Зыбіцкай, арыштавалі на 15 дзён


Сьпявачка Мерыем Герасіменка
Сьпявачка Мерыем Герасіменка

Пра гэта 6 жніўня паведаміла незалежная валянтэрская ініцыятыва «Списки задержанных», якая зьбірае і публікуе зьвесткі пра затрыманых і асуджаных з палітычных матываў беларусаў.

Кіраўніка бару «Банки-бутылки», дзе выступала Мерыем, Андрэя Жука, пакаралі 30 днямі арышту. З словаў калегі, Андрэя судзілі паводле адразу двух артыкулаў КаАП: 24.3 (непадпарадкаваньне) і «за перасылку чагосьці апазыцыйнага» (хутчэй за ўсё, ідзецца пра артыкул 19.11 — распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). У Андрэя двое маленькіх дзяцей.

Яшчэ аднаму супрацоўніку бару, у якога ў тэлефоне знайшлі «перасылку паведамленьня з рэсурсу, прызнанага экстрэмісцкім», у судзе Цэнтральнага раёну прысудзілі 14 дзён арышту. Ëн зараз у ізалятары часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна.

Паводле «Вясны», справу Мерыем разглядаў суд Цэнтральнага раёну Менску. Ад людзей, якія былі зь ёй у адной камэры, вядома, што дзяўчына трымаецца ўпэўнена, аднак пасьля затрыманьня не спала двое содняў.

Паводле непацьверджанай інфармацыі, разам з Мерыем маглі затрымаць і яе хлопца.

3 жніўня ля бару «Банки-Бутылки» на вуліцы Зыбіцкай у Менску маладая сьпявачка Мерыем Гера (сапраўднае прозьвішча Герасіменка) выканала па-ўкраінску песьню гурту «Океан Ельзи». Прапагандысцкія тэлеграм-каналы абурыліся гэтаму, назваўшы яе выступ «бэчэбэшным шабашам», а саму выканаўцу — «змагарскай сьпявачкай ротам». Пасьля чаго і сьпявачка, і кіраўнік бару «Банки-бутылки» Андрэй Жук (бар лічыўся арганізатарам выступу) перасталі выходзіць на сувязь.

З словаў аднаго з супрацоўнікаў бару, да іх учора прыйшлі ўсе магчымыя службы: прадстаўнікі санітарна-эпідэміялягічнай службы, МНС, а ўрэшце супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС. Сабралі ўсіх супрацоўнікаў на апытаньне, цікавіліся канцэртам, потым затрымалі кіраўніка і яшчэ аднаго новага супрацоўніка.

Блізкі да сілавых структураў тэлеграм-канал, камэнтуючы затрыманьне Мерыем, заявіў, што яна «даўно была ў полі зроку сілавых структураў» — асабліва яе грашовыя пераказы, бо дзяўчына рабіла ахвяраваньне на набыцьцё Ўкраінай бесьпілётніка «Байрактар».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG