Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рухацца шляхам пераменаў зь дзейнай уладай». Расказваем пра бізнэсоўца Машэнскага, уладальніка кампаній «Санта Брэмар» і «Савушкін прадукт»


Аляксанар Машэнскі (справа) і Аляксандар Лукашэнка
Аляксанар Машэнскі (справа) і Аляксандар Лукашэнка

На пачатку жніўня стала вядома, што праваахоўныя органы Ўкраіны арыштавалі актывы прыватнай кампаніі «Санта Холод Україна», зарэгістраваную на кіпрскую кампанію «Ньюрайд Сервісес Лімітед».

Яе ўласьніцай зьяўляецца Яна Машэнская, дачка беларускага бізнэсоўца Аляксандра Машэнскага, аднаго з бэнэфіцыяраў беларуска-нямецкага прадпрыемства «Санта Брэмар».

Сабралі некалькі фактаў, якія апісваюць дачыненьні Аляксандра Машэнскага зь беларускімі ўладамі.

Машэнскі і Лукашэнка

Гісторыя адносінаў пачалася больш за 20 гадоў таму. У 2001 годзе, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, Аляксандар Лукашэнка наведваў Берасьце, дзе заехаў на нядаўна адкрыты завод «Санта Брэмар». Тады кандыдат Лукашэнка даў указаньне Машэнскаму, каб рыба ў Беларусі стала каштаваць меней.

«Як знак прызнаньня — падараваны Аляксандрам Лукашэнкам дзяржаўны сьцяг, які цяпер лунае над прахадной», — пісала газэта адміністрацыі Лукашэнкі «Советская Белоруссия». Доўгі час «Санта Брэмар» была адзіным недзяржаўным прадпрыемствам, якому дазвалялася вывешваць над уваходам прадпрыемства чырвона-зялёнае палотнішча.

Тым ня менш на існаваньне маладога берасьцейскага бізнэсоўца Аляксандра Машэнскага незалежныя СМІ і дзяржаўная тэлевізія амаль не зьвярталі ўвагі да 2010 году. У той год Машэнскі стаў адной з давераных асобаў Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах.

На «ўсебеларускім народным сходзе», які праходзіў за 12 дзён да выбараў, Машэнскі рапартаваў, што «бізнэс упэўнена глядзіць у будучыню», а ягоная кампанія выконвае задачы Лукашэнкі.

«Я лічу, што нам правільна рухацца шляхам нейкіх пераменаў зь дзейнай уладай, чым сыходзіць у нейкія рэвалюцыйныя справы, — казаў Машэнскі ў лістападзе 2010 году. — Я зацікаўлены ў стабільнасьці. Ва ўмовах інфляцыі і дэвальвацыі, якімі будуць суправаджацца любыя перамены, стратэгічны бізнэс пацярпіць».

У выніку за поствыбарны 2011 год дэвальвацыя беларускага рубля склала 189%, а інфляцыя — 108%. Але гэтага Машэнскі ўжо не камэнтаваў.

У 2012 годзе Аляксандар Машэнскі заняў ужо трэцяе месца ў сьпісе самых уплывовых бізнэсоўцаў краіны, саступаючы толькі Ўладзімеру Пефціеву і Юрыю Чыжу.

Яшчэ праз год Машэнскі атрымаў з рук Лукашэнкі ордэн Айчыны ІІІ ступені. Тады разам зь берасьцейцам такую самую ўзнагароду атрымліваў Юры Чыж, які ў хуткім часе трапіў у няласку.

Партал Tut.by адзначаў у 2016 годзе, што Машэнскі стаў блізкім да Аляксандра Лукашэнкі. Крыніцы выданьня паведамлялі, што кіраўнік краіны браў бізнэсоўца на кароткі адпачынак у Сочы.

«Усім вядома, што Аляксандар Лукашэнка дапамог Машэнскаму адкрыць дзьверы на расейскі рынак. Калі іх не пускалі зь вялікімі аб’ёмамі ў Расею, менавіта ўмяшаньне Лукашэнкі спрыяла гэтаму. Гэта адна з прычын, якая сёньня стварае статус-кво», — казаў суразмоўца Tut.by.

Аляксандар Машэнскі ўкладваўся ў піяр-раскрутку Лукашэнкі і грашова. Можна ўспомніць выпадак, калі берасьцейскі бізнэсовец купіў плітку шакаляду «Прэзыдэнт эксклюзіў» з аўтографам Лукашэнкі за 20 тысяч беларускіх рублёў (па тагачасным курсе гэта каля 10 тысяч даляраў). Грошы пайшлі на падтрымку дзіцячага дома ў Баранавіцкім раёне, а што зрабіў з шакалядам Машэнскі, ён не расказваў.

У 2020 годзе Аляксандар Лукашэнка прыехаў на прадпрыемства Аляксандра Машэнскага «Савушкін-Орша» праз 2,5 тыдні пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, калі ў краіне адбываліся шматтысячныя акцыі пратэсту. Потым Машэнскі быў сярод гасьцей, запрошаных у Палац незалежнасьці на таемную інаўгурацыю Лукашэнкі.

У вялікім інтэрвію выданьню probusiness.io ў пачатку 2021 году Аляксандар Машэнскі ні словам не сказаў пра выбары і палітыку. Ніводнага разу ён нідзе не асуджаў гвалту і рэпрэсій, якія адбываюцца ў Беларусі апошнія два гады.

Машэнскі і санкцыі

Імя Аляксандра Машэнскага ня першы год фігуруе ў магчымых сьпісах беларускіх бізнэсоўцаў, якія могуць трапіць пад санкцыі. Гэта было і пасьля 2010 году, і пасьля 2020-га. Але штораз бізнэсовец пазьбягаў таго, каб трапіць у «чорныя сьпісы».

«Санкцыі ў вялікай ступені — гэта палітычныя размовы. Таму што тым, хто робіць свой бізнэс у Беларусі, рознага роду эмбарга не перашкода», — казаў Машэнскі выданьню «СБ. Беларусь сегодня».

Але ўжо ў 2012 годзе «Савушкін прадукт» атрымаў магчымасьць прадавацца на эўрапейскім рынку, «Санта-Брэмар» мог рабіць гэта яшчэ раней.

Цяпер, па зьвестках некалькіх крыніц Свабоды, Аляксандар Машэнскі разам зь сям’ёй фактычна жыве на дзьве краіны — вялікую долю часу ён праводзіць у Варшаве, бо адтуль прасьцей наведваць бізнэс-партнэраў па ўсім сьвеце. Натуральна, калі б Машэнскі трапіў у сьпіс неўязных, то быў бы пазбаўлены такой магчымасьці.

Чаму Машэнскага з году ў год не ўключаюць у санкцыйныя сьпісы? Крыніца Свабоды гаворыць, што за гэты час так і не было сабрана прамых доказаў «прыкарытнасьці» бізнэсу Машэнскага.

«Тым ня менш, калі іх няма сёньня, то гэта ня значыць, што іх ня будзе заўтра, — кажа суразмоўца Свабоды. — Што тычыцца цяперашняй сытуацыі, то ў санкцыйныя сьпісы трапляюць найперш тыя асобы, якіх можна назваць „кашалькамі Лукашэнкі“: яны атрымліваюць ільготы на вядзеньне бізнэсу, ствараюцца адмысловыя „кармушкі“ для абрабаваньня людзей, ім даюцца свае правілы падаткаабкладаньня.

Усё гэта мы бачылі ў сытуацыях з Алексіным, Шакуціным і іншымі бізнэсоўцамі. Што да Машэнскага, то ён мае легальны бізнэс, відаць нават канкурэнцыя зь іншымі прадпрыемствамі, напрыклад „Данонам“ ці „Юнімілкам“. Застаюцца пытаньні адносна рээкспарту рыбы ў Расею, але прамых доказаў шэрых схемаў пакуль няма».

Кіраўнік Беларускага расьсьледніцкага цэнтру Стась Івашкевіч гаворыць, што пытаньні ўзьнікалі да перадачы ва ўласнасьць Аляксандра Машэнскага двух прадпрыемстваў.

«Бярозаўскі сыраробны камбінат Машэнскі набыў у дзяржавы без аўкцыёну з фармулёўкай: „Па асабістай дамоўленасьці з прэзыдэнтам Беларусі“. Некалькі крыніц нам сьцьвярджалі, што насамрэч Машэнскі набыў гэтае прыбытковае прадпрыемства па цане, у некалькі разоў меншай за рынкавую», — кажа Івашкевіч.

Другі ня самы празрысты кейс — гэта набыцьцё Аршанскага малочнага камбінату ў 2018 годзе. Дадзеныя аб прыватызацыі прадпрыемства старанна схаваныя.

«Перад прыватызацыяй прадпрыемства далучылі да Аршанскага хлебакамбінату, а пасьля зноў вылучылі ў асобную юрыдычную асобу, але ўжо без даўгоў, якія віселі на камбінаце раней. Фактычна, зь іх штучна зьнялі ўсе абмежаваньні», — расказвае Стась Івашкевіч.

Лабіст санкцый, драматург і рэжысэр Мікалай Халезін запэўнівае, што эўрапейскія і міжнародныя структуры маюць поўны бэкграўнд аб дзеяньнях Машэнскага, але не прымаюць рашэньня аб уключэньні яго ў «чорны сьпіс».

Варта адзначыць, што Аляксандар Машэнскі ад сярэдзіны 2000-х гадоў зьяўляецца консулам Ісьляндыі (менавіта з гэтай паўночнай краіны «Санта-Брэмар» у тым ліку купляў рыбу), якая, хоць і не ўваходзіць у Эўрапейскі зьвяз, але мае пэўныя рычагі ўплыву. У 2020 годзе Франак Вячорка ў інтэрвію «Нашай ніве» сказаў: «Чаму Ісьляндыя ўмешваецца і выкрэсьлівае людзей са сьпісу?».

Варта адзначыць, што ў акружэньні Машэнскага маецца яшчэ адзін ганаровы консул. Гендырэктар «Санта-Брэмар» Сяргей Нядбайлаў зьяўляецца ганаровым консулам Вугоршчыны. «Эўрарадыё» пісала, што менавіта Вугоршчына блякавала далучэньне Машэнскага да санкцыйнага сьпісу, але ніякага іншага пацьверджаньня гэтай інфармацыі Свабода не атрымала.

Чалавек, блізкі да штабу Сьвятланы Ціханоўскай, запэўніў, што на сёньняшні дзень пытаньне трапляньня Аляксандра Машэнскага ў санкцыйныя сьпісы не зьўляецца вострым.

«Калі так можна сказаць, то гэта ня самы шкодны бізнэсовец. Цяпер пытаньне нават не пра пашырэньне санкцый, а пра тое, каб яны выконваліся і людзі кшталту Гуцэрыева і Алексіна ня мелі магчымасьці іх пазьбягаць», — сказалі Свабодзе.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG