Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША заявілі, што забілі лідэра тэрарыстычнай «Аль-Каіды» Аймана аз-Завагіры


Айман аз-Завахіры
Айман аз-Завахіры

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што лідэр «Аль-Каіды» Айман аз-Завагіры, адзін з найбольш шуканых тэрарыстаў у сьвеце, быў забіты ў мінулыя выходныя ў выніку ўдару амэрыканскага бесьпілётніка ў Кабуле.

«Цяпер справядлівасьць адноўленая і гэтага лідэра тэрарыстаў больш няма», — сказаў Джо Байдэн у тэлезвароце 1 жніўня.

Раней Белы дом абвясьціў, што Злучаныя Штаты правялі пасьпяховую контратэрарыстычную апэрацыю супраць «значнай» цэлі «Аль-Каіды» ў Афганістане ў мінулыя выходныя.

Байдэн сказаў, што супрацоўнікі выведкі ЗША адсачылі Аймана аз-Завагіры да дома ў цэнтры Кабула, дзе ён хаваўся са сваёй сям’ёй. Апэрацыю правялі 31 ліпеня.

71-гадовы Завагіры кіраваў тэрарыстычнымі нападамі на ЗША 11 верасьня 2001 году разам з Усамам бін Лядэнам, заснавальнікам «Аль-Каіды». Бін Ладэн і Завагіры ўцяклі ад войскаў ЗША ў Афганістане ў канцы 2001 году, і месцазнаходжаньне Завагіры доўгі час было загадкай.

Завагіры заняў пасаду лідэра «Аль-Каіды» пасьля таго, як бін Ладэн быў забіты падчас рэйду войскаў ЗША ў Пакістане ў 2011 годзе. Менавіта Завагіры быў галоўным ідэолягам глябальнай тэрарыстычнай сеткі «Аль-Каіды» на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў і адыграў цэнтральную ролю ў нападах на амбасады ЗША ў Кеніі і Танзаніі ў 1998 годзе, за тры гады да тэракту 11 верасьня, у выніку якога загінулі амаль 3000 чалавек.

Амэрыканская выведка з «высокай упэўненасьцю» вызначыла, што забіты быў менавіта Завагіры. Іншых ахвяраў не было.

За апошнія гады некалькі разоў хадзілі чуткі пра сьмерць Завагіры і даўно паведамлялася, што ў яго дрэннае здароўе.

Ягоная гібель выклікае пытаньні аб тым, ці забясьпечвалі талібы прытулак кіраўніку «Аль-Каіды» пасьля захопу Кабулу ў жніўні 2021 году. Амэрыканскі чыноўнік сказаў, што высокапастаўленыя прадстаўнікі талібаў ведалі пра яго прысутнасьць у горадзе. Дэвід Пэтрэўс, былы дырэктар ЦРУ, сказаў, што той факт, што Завагіры быў у Кабуле, сьведчыць аб тым, што талібы «ня вывучылі ўрок» пасьля таго, як прытулілі бін Ладэна ў той час, калі кіравалі ў Афганістане ў канцы 1990-х гадоў.

«Гэта сапраўды адлюстроўвае працяглыя цесныя адносіны, якія, відавочна, усё яшчэ існуюць паміж „Аль-Каідай“ і талібамі», — сказаў Пэтрэўс у эфіры CNN.

Прэс-сакратар талібаў Забіхула Муджагід у адказ на забойства Завагіры заявіў, што ўлады Афганістану рашуча асудзілі атаку як «парушэньне міжнародных прынцыпаў» і пагадненьня 2020 году аб вывадзе войскаў ЗША.

Атака бесьпілётніка стала першым вядомым ударам ЗША ўнутры Афганістану пасьля таго, як амэрыканскія войскі і дыпляматы пакінулі краіну ў жніўні 2021 году. Тады надзея на падрыхтаваных афганскіх вайскоўцаў правалілася — талібы літаральна за некалькі дзён вярнулі сабе поўны кантроль над краінай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG